20 ліпеня Пантыфік нечакана наведаў удзельнікаў летняга дзіцячага лагеру, арганізаванага непасрэдна на тэрыторыі Ватыкана.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, з 6 па 31 ліпеня дзеці работнікаў Святога Пасаду праводзяць канікулы ў Ватыкане. Іх запрасіў Папа, жадаючы такім чынам дапамагчы бацькам, вымушаным на працягу некалькіх месяцаў трымаць дзяцей дома падчас пандэміі каранавірусу.
У праекце «Дзеці — канікулы», які рэалізуе ватыканскі Губернатарат у супрацоўніцтве з салезіянамі і валанцёрамі, удзельнічае каля 100 падлеткаў ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў.
На працягу ліпеня некалькі аб’ектаў Ватыкана сталі дзіцячым летнім лагерам: у Зале Паўла VI, Ватыканскіх садах і на верталётнай пляцоўцы ў іх праводзяцца розныя мерапрыемствы. Усё робіцца ў дакладнай адпаведнасці з пратаколамі бяспекі, звязанымі з пагрозай COVID-19.
Тое, што аднойчы Святы Айцец далучыцца да вясёлай кампаніі, чакалася, але ніхто не ведаў, калі гэта можа адбыцца.
Таму не ўсе паверылі ўбачанаму.
Пантыфік прыйшоў у Залу Паўла VI, дзе арганізавана часовая сталоўка, падчас сняданку і спыніўся ля кожнага стала, размаўляючы з дзецьмі і адказваючы на іх пытанні. Ён таксама наведаў пляцоўку для гульняў, размешчаную ўнутры залы.
Крыху пазней, седзячы з дзецьмі, Папа заклікаў іх заводзіць новых сяброў. «Людзі, якія ўмеюць весяліцца толькі ў адзіночку, эгаістычныя. Вы павінны быць разам, з сябрамі, каб добра бавіць час», — сказаў ім пастыр паўсюднага Касцёла.
«Ён хадзіў паміж сталамі, крыху паразмаўляў з самымі маленькімі, а потым і са школьнікамі пачатковых і старэйшых класаў. Яго цікавіла, што яны робяць, як праводзяць дзень, ці задаволеныя яны», — распавёў каардынатар лагеру кс. Франко Фантана, капелан Ватыканскай жандармерыі і Ватыканскіх музеяў.
«Дзеці былі настолькі ўзрушаныя, што наступіла глыбокая цішыня. Калі Папа адышоў, мы пайшлі ў Залу Паўла VI і працягнулі рабіць тое, што робім кожную раніцу, нічога не мяняючы ў звычайным парадку. Гэта было жаданне Францішка», — дадаў салезіянін.
Святар адзначыў, што трое ўдзельнікаў лагеру задалі свае пытанні, падрыхтаваныя загадзя.
Адна дзяўчынка спытала, што робіць Папа на працягу дня, на што ён адказаў, што з’яўляецца святаром і робіць тое ж, што і ўсе святары. Яшчэ адна дзяўчынка ўзгадала свайго дзядулю і спытала, ці рай сапраўды такі, якім ён яго ўяўляе. Калі для яго гэта прыгожае месца, шчаслівае і мірнае, тады так і ёсць, запэўніў Святы Айцец. А на пытанне, што яму больш за ўсё падабаецца ў папскім служэнні, Пантыфік адказаў, што сустракацца з дзецьмі.
На заканчэнне Папа асабіста шчыра падзякаваў кожнаму з аніматараў і пасля сумеснага фота вярнуўся пешкі ў Дом св. Марты.