Пошук

29.06.2020 14:00   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: cdn.galleries.smcloud.net

Улічваючы сітуацыю пагрозы здароўю, Папа Францішак вырашыў, што сёлета збор ахвяраванняў на Апостальскую Сталіцу, які традыцыйна адбываецца ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, апосталаў, 29 чэрвеня, будзе перанесены ва ўсім свеце на XXVII нядзелю звычайнага перыяду, 4 кастрычніка, калі Касцёл успамінае святога Францішка Асізскага.

Як паведамляе агенцтва КАІ, у нядаўнім інтэрв'ю прэфект Сакратарыяту Святога Пасаду па справах эканомікі айцец Хуан Антоніо Герэра Альвес SІ сказаў: «Наперадзе нас чакаюць цяжкія гады. Чакаецца, што з-за пандэміі даходы ўпадуць ад 25 да 45 працэнтаў, але гэта не азначае змяншэння заробнай платы і аказання дапамогі бедным».

Кажучы пра ўплыў глабальнага крызісу, выкліканага пандэміяй каранавірусу, на фінансавае становішча Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, а. Герэра Альвес адзначыў, што сёння немагчыма сказаць, ці адбудзецца памяншэнне ахвяраванняў або памяншэнне выплат з боку дыяцэзій.

Штогод 29 чэрвеня традыцыйна збіраюцца ахвяраванні ва ўсіх каталіцкіх дыяцэзіях свету.

Сабраныя грошы — гэта «фінансавая дапамога Святому Айцу» для задавальнення патрэбаў паўсюднага Касцёла і на справы міласэрнасці дзеля патрабуючых.

Гэтае ахвяраванне ўспрымаецца як даніна з боку краін, якія аддалі сябе пад апеку Святога Пасаду. Пачатак яму быў пакладзены ў VIII стагоддзі англа-саксонскімі кіраўнікамі, хрысціянізаванымі ў той час. У такім выглядзе ахвяраванне захавалася да часоў Рэфармацыі, пасля чаго знікла, галоўным чынам з-за хвалі крытыкі папскіх інстытутаў, а таксама з-за павелічэння незалежнасці свецкіх (у тым ліку каталіцкіх) кіраўнікоў краін.

Прынясенне «ахвяравання святога Пятра» было адноўлена ў 1871 годзе Піем IX у якасці звычаю фінансавай падтрымкі Святога Пасаду, які на працягу больш чым 20 гадоў у сваіх штогадовых фінансавых справаздачах падае суму атрыманых ахвяраванняў. Акрамя чыста дабрачынных мэтаў, частка сродкаў прызначаецца часам на агульную працу Ватыкана.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця