Пошук

23.06.2020 12:11   Паводле: Vatican News
Фота: digitalmissioners.com

У нядзелю 21 чэрвеня ў традыцыйным кароткім настаўленні перад малітвай «Анёл Панскі» Папа Францішак сказаў, што вызнаваць Езуса перад людзьмі — гэта ўмова збаўлення.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, разважаючы над нядзельным тэкстам з Евангелля, Святы Айцец заўважыў, што гэты ўрывак з’яўляецца часткай місійнай пропаведзі, якой Настаўнік рыхтуе Апосталаў да першага вопыту абвяшчэння Божага Валадарства.

«Ён настойліва заклікае іх не баяцца: страх — адзін з самых выродлівых ворагаў нашага хрысціянскага жыцця, і Езус заклікае: „Не бойцеся“», — дадаў Пантыфік і прапанаваў звярнуць увагу на тры канкрэтныя сітуацыі, пра якія гаворыць Збаўца сваім вучням.

«Першая — варожасць тых, хто хацеў бы прымусіць змоўкнуць Божае Слова, „падсалоджваючы“ яго або вымушаючы маўчаць тых, хто яго абвяшчае.

У гэтым выпадку Езус заахвочвае Апосталаў распаўсюджваць пасланне збаўлення, якое Ён даручыў ім. Пакуль Ён перадаў яго асцярожна, амаль патаемна, малой групе вучняў. Аднак яны павінны будуць казаць „пры святле“ — адкрыта, і абвяшчаць Яго Евангелле „на дахах“ — публічна.

Другая цяжкасць, якую сустрэнуць місіянеры Хрыста, — гэта фізічная пагроза супраць іх; іншымі словамі, іх непасрэдны пераслед ажно да забойства. Гэтае прароцтва Езуса збываецца ва ўсе часы: гэта балючая рэчаіснасць, аднак яна дэманструе вернасць сведкаў.

Як шмат хрысціянаў пераследуюць і сёння ва ўсім свеце! Яны пакутуюць дзеля Евангелля і з любоўю, гэта — мучанікі нашых дзён. Сёння больш мучанікаў, чым у першыя стагоддзі. Іх забіваюць толькі за тое, што яны вераць у Хрыста. Гэтым учарашнім і сённяшнім вучням, якія зносяць пераслед, Езус раіць: „Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць“ (Мц 10, 28).

Не трэба баяцца тых, хто намагаецца згасіць евангелізацыйную моц высакамернасцю і жорсткасцю. Сапраўды, яны нічога не могуць зрабіць супраць душы — супраць лучнасці з Богам: ніхто не можа адабраць яе ў вучняў, таму што гэта Божы дар. Адзіны страх, які павінен мець вучань, — гэта страх згубіць гэты Боскі дар, блізкасць, сяброўства з Богам, адмовіўшыся жыць паводле Евангелля і такім чынам прычыніўшы сабе маральную смерць, наступства граху.

Трэці від выпрабавання, з якім сутыкнуцца Апосталы, Езус бачыць у пачуцці, якое некаторыя могуць перажыць, нібы сам Бог іх пакінуў, застаўшыся далёкім і маўклівым.

Таксама і цяпер Ён заклікае не баяцца, бо жыццё вучняў, хоць і сутыкаецца з гэтымі і іншымі спакусамі, трывала застаецца ў руках Бога, які любіць і ахоўвае нас», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пантыфік зазначыў, што Езус таксама зносіў гэтыя выпрабаванні ў Аліўным садзе і на крыжы.

«Часам мы адчуваем гэтую духоўную сухасць. Мы не павінны гэтага баяцца. Айцец клапоціцца пра нас, таму што мы маем вялікую каштоўнасць у Яго вачах. Важнымі з’яўляюцца шчырасць і мужнасць сведчання веры: „вызнаваць Езуса перад людзьмі“ і працягваць рабіць дабро», — сказаў Папа Францішак.

Сваё пастырскае слова Святы Айцец завяршыў зваротам да Найсвяцейшай Панны Марыі, якую назваў узорам вернасці і даверу Богу ў час выпрабавання і небяспекі. Ён папрасіў Яе дапамогі, каб хрысціяне ніколі не паддаваліся роспачы, але заўсёды давяралі сябе Богу і Яго ласцы, бо яна — мацнейшая за ўсялякае зло.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа