20 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, у Ларэтанскую літанію былі дададзены тры новыя заклікі.
Адпаведны ліст Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, адрасаваны старшыням Канферэнцый біскупаў, быў апублікаваны прэс-службай Святога Пасаду.
У дакуменце, падпісаным Прэфектам Кангрэгацыі кардыналам Рабэрам Сара, гаворыцца, што Касцёл як супольнасць, пілігрымуючая да Нябеснага Ерузалема, каб радавацца непарыўнай лучнасцю з Хрыстом, сваім Абраннікам і Збаўцам, вандруе сцежкамі гісторыі, даручаючы сябе Той, якая паверыла слову Пана.
«З Евангелля мы ведаем, што вучні Езуса сапраўды з самага пачатку навучыліся праслаўляць „благаслаўлёную між жанчынамі“ і разлічваць на Яе матчына заступніцтва.
Безліч тытулаў і заклікаў на працягу стагоддзяў хрысціянская пабожнасць надала Панне Марыі, якая з’яўляецца прывілеяванай і надзейнай дарогай, што вядзе да сустрэчы з Хрыстом.
Таксама ў цяперашні час, пазначаны тым, што выклікае няўпэўненасць і разгубленасць, пабожны зварот да Яе, поўны любові і даверу, асаблівым чынам адчуваецца Божым народам», — гаворыцца ў лісце Прэфекта Кангрэгацыі.
Беручы пад увагу гэтае пачуццё, Папа Францішак, прыхільна прыняўшы выказаныя пажаданні, распарадзіўся дадаць у Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі, так званую Ларэтанскую, тры новыя заклікі.
Гэта звароты да Багародзіцы як да Маці міласэрнасці і надзеі, якая дае суцяшэнне і палёгку ўсім вандроўным выгнаннікам і мігрантам.
У лісце ўдакладняецца, што ў лацінскі тэкст Ларэтанскай літаніі, які з’яўляецца ўзорным для ўсяго Каталіцкага Касцёла, пасля закліку «Маці Касцёла» дадаецца зварот Mater misericordiæ, пасля закліку «Маці ласкі Божай» — зварот Mater spei, а пасля закліку «Прытулак грэшных» — зварот Solacium migrantium.
Пераклад новых зваротаў на беларускую мову даручаны Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пад кіраўніцтвам ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса. Пасля зацвярджэння Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дапоўнены новымі заклікамі тэкст Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай) на беларускай мове будзе даступны і абавязковы для літургічнага ўжытку.