Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 17 чэрвеня прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных малітве. Гэтым разам ён засяродзіў сваю ўвагу на малітве Майсея, які пастаянна і ў любой сітуацыі заступаўся перад Богам за свой народ.
Як інфармуе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа заўважыў, што з чалавечага пункту гледжання Майсей быў няўдачнікам, калі Бог паклікаў яго. Ён, будучы ўцекачом, хацеў бараніць сваіх суайчыннікаў, але зразумеў, што ў імя справядлівасці схіляецца да насілля.
«Мары пра славу разбіліся: Майсей больш не быў перспектыўным дзяржаўным мужам, якому быў наканаваны хуткі кар’ерны рост, але тым, хто змарнаваў магчымасці і цяпер пасвіў статак, які нават не належаў яму. І менавіта ў цішыні мадыянскай пустыні Бог аб’явіўся Майсею ў палымнеючым кусце: „Я — Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба. І схаваў Майсей твар свой, таму што баяўся паглядзець на Бога“ (Зых 3,6)», — нагадаў Папа.
Святы Айцец звярнуў увагу на страхі і сумневы Майсея перад абліччам вялікай місіі, якую яму хацеў даверыць Бог: вывесці народ Ізраэля з няволі.
Майсей казаў, што не годны такога задання і не ведае імя Бога, што ізраэльцяне не павераць яму, што ён не ўмее прыгожа прамаўляць…
«Пытаннем, якое часцей за ўсё злятала з вуснаў Майсея ў кожнай малітве, якую ён узносіў да Бога, было: „“Чаму?“. „Чаму пасылаеш мяне?“ „Чаму хочаш вызваліць гэты народ?“ У Пяцікніжжы ёсць драматычны ўрывак, дзе гаворыцца, як Бог папракае Майсея за недахоп даверу, што перашкодзіць яму ўвайсці ў абяцаную зямлю», — заўважыў Папа.
Пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што сваімі страхамі і ваганнем Майсей становіцца блізкім да кожнага з нас. „Застаючыся ўпаўнаважаным перадаць Божы закон народу, з’яўляючыся заснавальнікам Божага культу, пасрэднікам у самых высокіх таямніцах, ён не перастаў падтрымліваць блізкія салідарныя адносіны са сваім народам, асабліва ў хвіліну спакусы і граху. Веліч пастыра заключаецца ў тым, што ён не забываецца пра свой народ», — сцвердзіў Папа.
«Майсей быў настолькі блізкім да Бога, што мог размаўляць з Ім тварам у твар. І ён застаўся настолькі вялікім сябрам людзей, што адчуваў міласэрнасць у адносінах да іх грахоў, спакус і раптоўных праяў тугі гэтых выгнаннікаў па мінулым, іх успамінаў пра часы знаходжання ў Егіпце», — заўважыў Святы Айцец.
Па яго словах, Майсей не стаў аўтарытарным і дэспатычным правадыром. Нягледзячы на прывілеяваны стан, ён не пераставаў належаць да таго шэрагу «ўбогіх духам», якія жывуць, ператвараючы давер да Бога на сваім шляху ў намашчэнне.
Такім чынам, самым характэрным спосабам малітвы Майсея было заступніцтва. Яго вера ў Бога была знітавана з бацькоўскім пачуццём да свайго народу. Святое Пісанне звычайна паказвае яго з рукамі, узнятымі ўгору, да Бога, нібыта ён сам становіцца мастом паміж небам і зямлёй. Нават у самыя складаныя моманты, нават калі народ выракся Бога і яго як правадыра, зрабіўшы залатое цяля, Майсей не пакінуў сваіх суайчыннікаў.
«Вось малітва, якую ў сваім духоўным жыцці развіваюць сапраўдныя вернікі. Нават калі сустракаюцца са слабасцямі іншых і іх далёкасцю ад Бога, гэтыя людзі малітвы не асуджаюць і не адракаюцца ад такіх асоб.
Заступніцтва ўласціва святым, якія, на падабенства Езуса, з’яўляюцца „мастамі“ паміж Богам і Яго народам. Майсей у гэтым сэнсе стаў самым вялікім прарокам Езуса, нашага абаронцы і заступніка», — заўважыў Папа Францішак.
Святы Айцец падкрэсліў, што Майсей, як і Езус, мабілізуе нас да гарачай малітвы за свет, памятаючы, што ён, нягледзячы на ўсе свае слабасці, заўсёды належыць Богу. Свет жыве і квітнее дзякуючы малітве, якую святыя нястомна, у любой сітуацыі і ў кожны перыяд гісторыі, узносяць за яго, перакананы Пантыфік.