Пошук

10.06.2020 14:33   Паводле: Vatican News
Фота Interaksyon

Гісторыя Якуба і яго змагання з Богам была тэмай чарговай катэхезы Святога Айца з цыклу, прысвечанага малітве. Пантыфік заклікаў вернікаў не спадзявацца на ўласную спрытнасць, а адкрыцца на ласку і міласэрнасць Пана.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, агульная аўдыенцыя Папы Францішка прайшла 10 чэрвеня ў фармаце відэатрансляцыі з Прыватнай бібліятэкі Апостальскага палаца Ватыкана. Падчас яе Святы Айцец заўважыў, што Кніга Быцця, «праз лёс людзей далёкіх эпох, распавядае гісторыі, у якіх можам убачыць адлюстраванне нашага жыцця».

Спасылаючыся на гісторыю Якуба, Пантыфік зазначыў, што сваёй найлепшай якасцю гэты Патрыярх здолеў зрабіць спрытнасць. Менавіта дзякуючы ёй Якуб змог «вырваць» у свайго бацькі Ісака благаслаўленне і дар першародства (пар. Быц 25,19-34).

Вымушаны ўцякаць ад брата Эзава, Якуб пакінуў родную зямлю, а потым разбагацеў, стаў уласнікам велізарнага статку, дзякуючы настойлівасці і цярплівасці ажаніўся з самай прыгожай з дачок Лабана, у якую быў па-сапраўднаму закаханы.

«Якуб, гаворачы сучаснай мовай, быў чалавекам, “які зрабіў сябе сам”, дзякуючы хітрасці і спрытнасці здолеў здабыць усё, чаго жадаў. Але яму нечага не хапала — адносін з уласнымі каранямі»,

— заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што, пачуўшы «голас свайго дому, сваёй старажытнай Айчыны», Якуб вырашыў вярнуцца дадому. Ён здзейсніў доўгае падарожжа з вялікім караванам, пакуль не дасягнуў апошняга этапу, ракі Яббок.

«Тут Кніга Быцця прапануе нам незабыўнае апавяданне. Яна кажа, што Патрыярх, пасля таго як перавёў праз раку ўсіх сваіх людзей і жывёл, якіх было вельмі шмат, застаўся адзін на чужынскім беразе. Ён падумаў: што яго чакае заўтра? Як паставіцца да яго Эзаў, у якога ён скраў першародства? У галаве Якуба быў водаварот думак... І калі пачало цямнець, раптоўна на яго напаў Невядомы і пачаў змагацца з ім. Катэхізіс тлумачыць: “Духоўная традыцыя Касцёла бачыла ў гэтым апавяданні сімвал малітвы як барацьбы веры і перамогі стойкасці”», — нагадаў Папа.

Якуб змагаўся ўсю ноч, не выпускаючы свайго праціўніка. Ён быў пераможаны, атрымаўшы ўдар ва ўразлівае месца, і з таго часу застаўся кульгавым на ўсё жыццё. Папа заўважыў, што таямнічы змагар спытаў імя Патрыярха, а потым сказаў яму: «Адгэтуль не будзеш звацца Якубам, але Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам і людзьмі і перамог!» Невядомы не назваў Якубу свайго імя, але ў якасці кампенсацыі благаславіў яго, і Якуб зразумеў, што сустрэўся «тварам у твар» з Богам.

«Змаганне з Богам — метафара малітвы. У іншых сітуацыях Якуб паказаў сябе здольным весці дыялог з Богам, адчуваць Яго сяброўскую і блізкую прысутнасць.

Але ў тую ноч праз доўгае змаганне, якое ён ледзь вытрымаў, Патрыярх змяніўся. Змяніў імя, лад жыцця, змяніўся сам.

У гэты раз не ён быў гаспадаром сітуацыі, яго спрытнасць не дапамагла, ён больш не быў чалавекам, які ўсё плануе і разлічвае», — звярнуў увагу Папа.

«Бог паказаў яму праўду пра тое, што ён смяротны чалавек, які дрыжыць і баіцца: бо падчас змагання Якуб баяўся. У гэты раз Якуб не мог нічога паказаць Богу, акрамя сваёй слабасці, бяссілля і грахоў», — дадаў ён.

Пантыфік адзначыў, што «менавіта такі Якуб атрымаў благаслаўленне Бога, дзякуючы якому, кульгаючы, увайшоў у абяцаную зямлю: уразлівы і паранены, але з новым сэрцам». «Спачатку ён быў упэўнены ў сабе, спадзяваўся на ўласную спрытнасць», быў «непранікальным для ласкі, недаступным для міласэрнасці», але «Бог даў яму зразумець яго абмежаванасць, грэшнасць, патрэбу ў міласэрнасці, і выратаваў яго».

Папа дадаў, што кожны чалавек можа мець такую сустрэчу з Богам у цёмныя моманты свайго жыцця, калі загразне ў грахах і згубіць дарогу.

«Ён нас здзівіць у той час, калі мы гэтага не чакаем, калі ўбачым, што сталі па-сапраўднаму самотныя. У гэтую самую ноч, змагаючыся супраць Невядомага, мы ўсвядомім, што з’яўляемся проста беднымі людзьмі, небаракамі. Але менавіта тады, калі адчуваем сябе так, мы не павінны баяцца, бо ў гэты самы момант Бог дасць нам новае імя, якое будзе ўтрымліваць сэнс усяго нашага жыцця, зменіць нам сэрца і адорыць нас благаслаўленнем, прызначаным для тых, хто дазваляе Богу змяніць сябе», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў адкрыцца на пераўвасабляльную дзейнасць Бога. «Ён ведае, як зрабіць гэта, бо ведае кожнага з нас. Кожны з нас можа сказаць: “Пане, Ты ведаеш мяне”, “Пане, Ты ведаеш мяне. Перамяні мяне”», — параіў на заканчэнне катэхезы Папа Францішак.

Абноўлена 10.06.2020 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця