Праз сакрамэнты мы можам заставацца ў пастаянных адносінах з боскімі Асобамі, падкрэсліў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі», якая 7 чэрвеня прайшла ў Ватыкане.
Поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца, прапануе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News:
«Евангелле на сённяшні дзень (пар. Ян 3, 16-18), на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, паказвае — у лаканічным стыле апостала Яна — таямніцу любові Бога да свету, Яго стварэння. У кароткім дыялогу з Нікадэмам Езус паўстае як Той, хто даводзіць да спаўнення збаўчую задуму Айца адносна свету. Ён сцвярджае: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага” (Ян 3, 16).
Гэтыя словы ўказваюць, што дзейнасць трох боскіх Асобаў — Айца, Сына і Святога Духа — гэта адзіны вобраз любові, які збаўляе чалавецтва і свет.
Гэта задума збаўлення для нас.
Бог стварыў свет добрым, прыгожым, але ў выніку граху свет стаў пазначаны злом і карупцыяй, мы, людзі, – грэшнікі; таму Бог мог бы умяшацца, каб асудзіць свет, каб знішчыць зло і пакараць грэшнікаў, але Ён любіць свет, нягледзячы на яго грахі; Бог любіць кожнага з нас, нават калі мы памыляемся і аддаляемся ад Яго. Бог Айцец так моцна любіць свет, што, каб збавіць яго, ахвяраваў сваю самую вялікую каштоўнасць: свайго адзінароднага Сына, які аддаў сваё жыццё за людзей, уваскрос, вярнуўся да Айца і разам з Ім паслаў Святога Духа.
Тройца — гэта Любоў на службе свету, які хоча збавіць і пераўтварыць. Думаючы сёння пра Бога — Айца, Сына і Святога Духа, — падумаем пра Божую любоў.
Як добра было б, калі б мы адчулі сябе любімымі: “Бог мяне любіць!” — вось пачуццё на сённяшні дзень.
Калі Езус сцвярджае, што Айцец даў свайго адзінароднага Сына, нам спантанна ўзгадваецца Абрагам і яго ахвяраванне сына Ісака, аб якім кажа Кніга Быцця (пар. 22, 1-14): вось “мера без меры” любові Бога. Падумаем таксама пра тое, як Бог аб’явіўся Майсею: ласкавы, міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы. Так кажа Кніга Зыходу. Сустрэча з гэтым Богам умацавала Майсея, які, як апавядае Кніга Зыходу, не пабаяўся стаць паміж народам і Богам, кажучы Яму: “Народ гэты цвёрдага карку; даруй беззаконні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёй” (34, 9).
Так зрабіў Бог, калі паслаў свайго Сына. Мы з’яўляемся дзецьмі Сына праз сілу Святога Духа. Мы з’яўляемся Божай спадчынай.
Дарагія браты і сёстры, сённяшняе свята запрашае нас дазволіць Богу нанава прывабіць нас сваёй прыгажосцю; невычэрпнай прыгажосцю, дабрынёй і праўдай. Але таксама прыгажосцю, дабрынёй і праўдай пакорнай, блізкай, якая ўцелавілася, каб увайсці ў наша жыццё, у маю гісторыю, у гісторыю кожнага з нас, каб кожны чалавек мог сустрэць яе і мець вечнае жыццё.
Гэта і ёсць вера: прыняць Бога-Любоў, які дорыць сябе ў Хрысце, які дазваляе нам рухацца ў Святым Духу; дазволіць Яму сустрэць нас і давяраць Яму.
Гэта хрысціянскае жыццё. Любоў, сустрэча з Богам, пошук Бога, які першы пачаў шукаць нас. Ён сустракае нас першы.
Панна Марыя, жыллё Тройцы, няхай дапаможа нам прыняць з адкрытым сэрцам Божую любоў, якая напоўніць нас радасцю і дасць сэнс нашаму пілігрымаванню ў гэтым свеце, заўсёды скіроўваючы яго да мэты, якой ёсць Неба».