
Папа Леў XIV абвясціў пачатак Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў, заклікаючы вернікаў да супольнага сведчання надзеі, якая грунтуецца на адзінстве цела і духу ў сучасным свеце.
Заклік Пантыфіка да еднасці
Нядзеля 18 студзеня адзначана асаблівым духоўным акцэнтам — пачаткам Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян. Звяртаючыся да вернікаў пасля малітвы «Анёл Панскі», Пантыфік нагадаў, што карані гэтай ініцыятывы сягаюць у мінулае на два стагоддзі, а вялікі штуршок ёй даў Папа Леў XIII.
Гэта гістарычная пераемнасць падкрэслівае нястомнае імкненне Касцёла да абнаўлення братэрскіх сувязей паміж усімі вызнаўцамі Хрыста.
Сёлетні год, як адзначыў Папа, мае сімвалічнае значэнне, бо менавіта сто гадоў таму ўпершыню пабачылі свет «Прапановы для Актавы малітвы аб еднасці хрысціян». Гэты юбілей дазваляе глыбей асэнсаваць шлях, пройдзены ў экуменічным дыялогу.
Леў XIV звярнуў увагу на тэму бягучага года, узятую з Паслання да Эфесцаў:
«Адно ёсць цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання» (пар. Эф 4, 4).
Тэксты для малітваў і разважанняў у 2026 годзе былі падрыхтаваны экуменічнай групай, працай якой кіраваў Дэпартамент міжрэлігійных сувязей Армянскай Апостальскай Царквы. Папа заклікаў усе каталіцкія супольнасці ў гэтыя дні мабілізавацца і ўзмацніць малітву аб поўнай і бачнай еднасці.
Завяршаючы свой заклік, Святы Айцец падкрэсліў, што намаганні дзеля хрысціянскага адзінства не могуць быць адарваныя ад рэальных патрэб чалавецтва. На думку Папы, экуменічнае служэнне павінна гарманічна спалучацца з дзейнасцю на карысць міру і справядлівасці ва ўсім свеце, бо менавіта ў гэтым заключаецца жывое сведчанне Евангелля.
Адкуль наогул з’явілася ідэя маліцца аб еднасці? Крыху гісторыі

1840 г. — каталіцкі святар і былы англіканец Ігнацыус Спэнсер прапануе стварыць «Саюз малітвы» аб еднасці ўсіх вызнаўцаў Хрыста;
1867 г. — першая Ламбецкая Канферэнцыя біскупаў Англіканскага Касцёла прыняла рашэнне маліцца аб еднасці ў перыяд, блізкі да свята Унебаўшэсця Хрыста;
1894 г. — арцыбіскуп Кентэрберыйскі заклікаў членаў Англіканскага Касцёла ўзносіць малітвы аб еднасці хрысціян, прымяркоўваючы гэтыя малітвы да ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы;
1894 г. — Папа Леў XIII рэкамендаваў вернікам праводзіць актаву або навэнну аб еднасці хрысціян у перыяд паміж Унебаўшэсцем і Ўрачыстасцю Пяцідзесятніцы, днём узнікнення Касцёла;
1895 г. — да малітвы англікан па рэкамендацыі Папы Льва XIII далучылася Рыма-каталіцкі Касцёл Англіі;
1906 г. — першым праводзіць актаву малітвы аб еднасці хрысціян у студзені прапанаваў святар Пол Уотсан; актава пачыналася са свята Катэдры Святога Пятра (да 1962 года адзначалася 18 студзеня) і заканчвалася святам Навяртання Святога Паўла;
20-я гг. ХХ ст. — ліёнскі святар Поль Ірыней Куцюр'е пачаў праводзіць трохдзённыя малітвы аб еднасці хрысціян. Ён прапанаваў зрабіць Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян сусветным.
Пачынаючы з 1968 года матэрыялы для Сусветнага Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян падрыхтоўваюцца сумесна Сусветнай Радай Касцёлаў і Папскай Радай па спрыянню хрысціянскай еднасці. Евангельскі тэкст і разважанні на яго прапануюцца хрысціянамі адной з краін, якія ўдзельнічаюць у малітве і адаптуюцца спецыяльнай камісіяй да сітуацыі ў кожнай асобнай краіне.
Дзе ў Беларусі пройдзе экуменічная малітва?
У перадапошні, сёмы дзень Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў — суботу 24 студзеня — у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца адмысловая экуменічная малітва.
Традыцыйна малітва аб еднасці хрысціянаў пройдзе з удзелам прадстаўнікоў паасобных хрысціянскіх канфесій. Узначаліць яе арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Набажэнству будзе папярэднічаць святая Імша.
Праграма сустрэчы:
18.30 — святая Імша;
19.15 — малітва аб еднасці хрысціянаў.
Для тых, хто не зможа прысутнічаць у святыні, ёсць магчымасць далучыцца да малітвы анлайн ">па спасылцы ТУТ>>>
Тэма сёлетняга Тыдня экуменічных малітваў «Адно цела. Адзін дух. Адна надзея» (пар. Эф 4, 4). Тэма сёмага дня Тыдня — «Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару» (Эф 4, 7).
На экуменічную малітву запрошаны прадстаўнікі і вернікі розных канфесій Беларусі, каб сумесна маліцца аб дары еднасці і супрацы, каб быць разам перад сучаснымі выклікамі свету і несці дух салідарнасці і надзеі ўсяму грамадству.
Таксама 24 студзеня ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя пройдзе экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.
Пачатак у 18.00.
Набажэнства ўзначаліць біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі запрашае на гэтую малітву ўсіх жадаючых — прадстаўнікоў і вернікаў розных канфесій горада Гродна i наваколля. Удзельнікі будуць сумесна маліцца аб дары адзінства і супрацоўніцтва, аб тым, каб быць разам перад выклікамі сучаснасці і несці грамадству дух салідарнасці і надзеі.




