Пошук

03.06.2020 15:43   Паводле: Vatican News
Фота Vatican News

Абрагам сваім жыццём вучыць нас шляху, на якім вера становіцца гісторыяй, дзе існуе мужнасць паверыць у абяцанне, дадзенае Богам, — на гэта звярнуў увагу Папа Францішак 3 чэрвеня падчас агульнай аўдыенцыі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, традыцыйная сустрэча прайшла з прычыны пандэміі каранавірусу ў форме відэатрансляцыі з Прыватнай бібліятэкі ў ватыканскім Апостальскім палацы.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве, пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў увагу на прыклад веры Абрагама.

Ён нагадаў, што ў жыцці Патрыярха раптоўна прагучаў голас, які заклікаў яго пакінуць родную зямлю і ісці ў кірунку новай будучыні. «І ўсё гэта толькі на падставе абяцання, якому трэба было паверыць. Паверыць абяцанню нялёгка, патрэбна мужнасць, і Абрагам даверыўся», — зазначыў Папа.

Пантыфік заўважыў, што Біблія не распавядае пра мінулае Абрагама. Магчыма, ён пакланяўся іншым боствам; магчыма, быў мудрацом, які меў звычку ўглядацца ў неба і зоркі. І Бог паабяцаў, што яго патомства будзе такім шматлікім, як колькасць зорак на небе.

Папа нагадаў, што Абрагам выйшаў у дарогу, слухаючы Бога і давяраючы Яго слову. Такім чынам узнікла новае разуменне адносін з Богам, і менавіта па гэтай прычыне патрыярх Абрагам прысутнічае ў юдэйскай, хрысціянскай і мусульманскай духоўных традыцыях як дасканалы Божы чалавек, паслухмяны Богу, нават калі Яго воля здаецца цярністай ці незразумелай.

«Таму Абрагам — гэта чалавек Божага слова.

Калі Бог прамаўляе, чалавек становіцца тым, хто прымае гэтае слова, а яго жыццё — месцам, дзе яно жадае ўцелавіцца.

Вось вялікая навіна рэлігійнага шляху чалавека: жыццё верніка пачынае ўспрымацца як пакліканне; як месца, дзе спаўняецца абяцанне. І ён рухаецца ў свеце не столькі пад цяжарам таямніцы, але з сілай гэтага абяцання, якое аднойчы споўніцца. Абрагам паверыў абяцанню Бога. Паверыў і пайшоў, не ведаючы куды, кажа Пасланне да Габрэяў. Але ён меў давер», — заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што Кніга Быцця паказвае жыццё Абрагама напоўненым малітвай і пастаяннай вернасцю таму слову, якое рэгулярна аб’яўлялася на яго шляху.

«Падагульняючы, мы можам сказаць, што ў жыцці Абрагама вера стала гісторыяй. Больш за тое: Абрагам сваім жыццём і прыкладам вучыць нас шляху, на якім вера становіцца гісторыяй.

Бог больш не ўспрымаецца ў якасці касмічнай з’явы; Ён больш не Бог далёкі, што можа наводзіць страх»,

— сказаў Папа.

«Бог Абрагама стаў „маім Богам“, Богам маёй асабістай гісторыі, які кіруе маімі крокамі, які мяне не пакідае, стаў Богам маіх дзён, спадарожнікам у маіх прыгодах, стаў Богам Провіду», — дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што пра досвед Абрагама сведчыць філосаф Блез Паскаль, які нават запісаў дакладную дату, калі адчуў прысутнасць Бога ў сваім жыцці. «Гэта не быў абстрактны ці касмічны Бог. Гэта быў Бог чалавека, паклікання, Бог Абрама, Ісака, Якуба... Бог, які з’яўляецца ўпэўненасцю, пачуццём, радасцю», — звярнуў увагу Папа.

Па словах Святога Айца, малітва Абрагама выражаецца ў канкрэтных дзеяннях: на сваім шляху ён будаваў каменныя алтары, якія нагадвалі пра месцы, дзе прайшоў Бог. Гаворка ідзе пра Бога, Які здзіўляе. Так адбылося з абвяшчэннем нараджэння Ісака ў Абрагама і Сары. «Абрагам меў сто гадоў, а яго жонка — каля дзевяноста. Але яны паверылі, даверыліся Богу, і Сара зачала», — заўважыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Абрагам часам вёў дыскусію з Богам, але заставаўся верным, нават да гатоўнасці прынесці ў ахвяру ўласнага сына.

«Тут Абрагам перажыў веру як драму, як шлях навобмацак ноччу, пад небам, на якім, на гэты раз, не было зорак. І вельмі часта так адбываецца і з намі, мы крочым у цемры, але з верай. Бог сам стрымаў руку Абрагама, які ўжо быў гатовы нанесці ўдар, бо ўбачыў яго поўную гатоўнасць», — нагадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Браты і сёстры, навучымся ад Абрагама маліцца з верай: слухаць Пана, крочыць, весці дыялог, які можа пераўтварыцца ў дыскусію. Не будзем баяцца дыскутаваць з Панам», — заклікаў Пантыфік.

Папа дадаў, што часам размова з Богам можа ператварыцца ў спрэчку, як гэта адбываецца ў размове паміж бацькамі і дзецьмі.

«Навучымся размаўляць з Богам, як сын з татам; слухаць Яго, адказваць, дыскутаваць, з адкрытасцю. Менавіта такой малітве нас вучыць Абрагам», — гэтымі словамі завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Абноўлена 03.06.2020 17:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.