Сёлета ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, які адзначаецца на другі дзень пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, прыпадае на 24 мая.
11 лютага 2019 года, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пастанавіла ўнесці літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла ў Агульны рымскі каляндар, зацвердзіўшы яго такім чынам ва ўсім Рыма-Каталіцкім Касцёле.
Як падкрэсліваецца ў дэкрэце, падпісаным тагачасным прэфектам згаданай Кангрэгацыі кардыналам Рабэрам Сара, Марыя як клапатлівая Правадырка Касцёла ў момант яго нараджэння распачала сваю матчыну місію ўжо ў вячэрніку, дзе малілася разам з апосталамі ў чаканні спаслання Святога Духа (пар. Дз 1, 14).
Невыпадкова са старадаўніх часоў хрысціяне пабожна ўшаноўвалі Марыю, называючы Яе Маці вучняў, вернікаў, усіх тых, хто адраджаецца ў Хрысце, а таксама Маці Касцёла, пра што сведчаць тэксты касцёльных аўтараў і вучэнне Папаў Бэнэдыкта XIV і Льва ХІІІ.
На гэтай падставе благаслаўлёны Павел VI на заканчэнне Трэцяй сесіі Другога Ватыканскага Сабору 21 лістапада 1964 года абвясціў Марыю «Маці Касцёла, гэта значыць усяго хрысціянскага народа, як вернікаў, так і пастыраў, якія называюць Яе любай Маці», і заклікаў, каб «увесь хрысціянскі народ штораз больш ушаноўваў Божую Маці гэтым салодкім імем».
У сувязі з гэтым у Рымскім Імшале з’явіўся фармуляр ватыўнай Імшы пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Касцёла, а пазней гэты тытул Багародзіцы быў дададзены таксама ў Ларэтанскую літанію. Акрамя таго, адпаведная літургічная цэлебрацыя з дазволу Святога Пасаду ўвайшла ва ўласныя календары паасобных краін, дыяцэзій і манаскіх сем’яў.
Святы Айцец Францішак палічыў, што далейшае распаўсюджванне гэтага культу можа дапамагчы пастырам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам лепш успрымаць Касцёл як маці, а таксама паспрыяе развіццю сапраўднай марыйнай пабожнасці.
Таму ён вырашыў уключыць успамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла ў Агульны рымскі каляндар, прызначыўшы штогадовым днём яго адзначэння панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.
Гэты літургічны ўспамін нагадвае, што хрысціянскае жыццё развіваецца толькі ў тым выпадку, калі грунтуецца на таямніцы Крыжа, на ахвяры Хрыста ў Эўхарыстыі, на ахвярнай Панне, Маці Збаўцы і ўсіх збаўленых.