«Святасць Яна Паўла ІІ прысутнічала ва ўсім яго жыцці. Яе можна было заўважыць у яго адносінах як з Богам, так і з іншым чалавекам. Святасць праяўлялася ў велізарнай унутранай дысцыпліне і ў вялікай любові. Менавіта любоў была галоўным матывам яго паводзінаў», — адзначае кардынал Станіслаў Дзівіш.
Успаміны пра Вялікага Папу яго асабістага сакратара і найбліжэйшага супрацоўніка апублікавала Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Чалавек малітвы, сучасны містык
Караль Вайтыла спалучаў сваю вялікую актыўнасць з не менш моцнай містычнай рысай. Ён быў прыкладам чалавека, які ўсе сілы і матывы для дзейнасці чэрпае з глыбокай медытацыйнай малітвы. «Ён не раздзяляў гэтага часу, — тлумачыць кардынал Дзівіш. — Ён маліўся ў кожным абавязку і кожным занятку. Ідучы на аўдыенцыю, маліўся за людзей, з якімі павінен быў сустрэцца. Маліўся таксама за іх пасля аўдыенцыі. Я заўважыў, што ён маліўся і падчас аўдыенцыі, калі хтосьці гаварыў. Гэта была яго духоўнасць, яго з’яднанне з Панам Богам».
Іерарх узгадвае, што, калі Караль Вайтыла быў арцыбіскупам Кракаўскім, капліца дома на вул. Францішканскай, 3 была для яго не толькі месцам «вялікай малітвы», але і працоўным месцам.
Штодзённа раніцай пасля святой Імшы ён пэўны час працаваў у капліцы біскупскага дома перад пачаткам аўдыенцый для святароў ці свецкіх людзей. Маліўся ён і ўвечары. Здаралася, што, калі ён быў адзін, то напаўголасу звяртаўся да Бога, часам нават спяваў. «Калі ён быў маладзейшы, маліўся, лежачы крыжам, у капліцы ці ў сябе ў апартаментах. Сёстры часта бачылі яго позна вечарам. Ля алтара ў яго быў кленчнік і маленькі столік з лямпай, за якім ён пісаў. Усе яго кнігі былі вымалены перад Богам», — успамінае яго асабісты сакратар.
«Падчас адной сустрэчы з моладдзю Святы Айцец сказаў, што малітва — прамова да Бога і слуханне Бога. Чым больш малітва становіцца слуханнем, чаго Бог жадае ад мяне, тым больш становіцца сузіраннем», — дадае кардынал Дзівіш.
«Ён быў, безумоўна, адным з сучасных містыкаў — гэта значыць чалавекам, без рэшты занураным у Пана Бога. Ён умеў звяртацца да Бога, але найперш умеў слухаць, чаго Бог жадае ад яго, і выконваць гэта. Усё яго жыццё было адной вялікай малітвай.
Падобна было і ў Ватыкане, дзе яго пакоі ў Апостальскім палацы непасрэдна межавалі з капліцай. Кожны дзень ён уставаў вельмі рана, між чацвёртай і пятай гадзінамі. Распачынаў дзень малітвай у капліцы, куды прыходзіў задоўга да ранішняй Імшы. Гэта быў час на медытацыю, разважанне, урэшце на святую Імшу, падзяку. Без спешкі... Імша для яго была таксама медытацыяй. Увесь яго дзень быў пераплецены малітвай, адарацыяй, духоўным чытаннем.
Што цікава, на кленчніку ў ватыканскай капліцы ён захоўваў інтэнцыі, якія скіроўваліся да яго з усяго свету з просьбай, каб далучыў іх падчас сваіх малітваў.
Гэтых інтэнцый было вельмі шмат. Яму пісалі біскупы і звычайныя людзі, просячы аб малітве ў хваробах і цяжкіх справах. Калі ён маліўся, браў іх у рукі і прадстаўляў Богу. Ён ніколі не пакідаў просьбаў аб малітве без адказу. Агучваў іх пару разоў на працягу дня: калі ўваходзіў у капліцу, ідучы на пасілак ці вяртаючыся з яго. Усе просьбы былі для яго быццам унутраным наказам маліцца», — успамінае кардынал.
«Можна сказаць, што ўсе яго прамовы, дакументы, публікацыі пісаліся на каленях з Панам Богам. Калі ён рыхтаваў якісьці дакумент, браў асадку (ён не пісаў з дапамогай машынкі ці камп’ютара) і накідваў праект. Раней ён шмат чытаў. Чытаў на адпачынку і ў вольны час. Казаў рыхтаваць яму нататкі з кніг па розных галінах. З апрацовак у яго паўставаў вялікі сінтэз. Калі ён пісаў прамовы для Польшчы, працаваў вельмі інтэнсіўна і хутка. Потым абмяркоўваў са спецыялістамі і папраўляў. Праца Папы ў Ватыкане патрабавала ад яго велізарнай дысцыпліны», — кажа іерарх.
Штовечар Ян Павел ІІ падыходзіў да вакна, каб благаславіць Рым і ўвесь свет, пастырам якога ён быў.
Чалавек прабачэння
Яго святасць выяўлялася і ў прабачэнні. Як кажа яго асабісты сакратар, Святы Айцец адразу пасля замаху, знаходзячыся яшчэ ў прытомнасці, прабачыў злачынцы.
«Прабачыў яму, як Хрыстус прабачыў тым, якія Яго ўкрыжавалі. Тое ж самае ён зрабіў пасля таго, як прыйшоў у прытомнасць. Шмат разоў ён казаў, што ўдзячны Пану Богу за гэтае цярпенне, што можа ахвяраваць сваю кроў у інтэнцыі Касцёла, у інтэнцыі свету.
Ён усведамляў таксама, што праз сваё цярпенне дапаўняў цярпенні Езуса Хрыста», — адзначае кардынал Дзівіш.
Пасланец Божай Міласэрнасці
Вучэнне пра Божую міласэрнасць характарызуе ўвесь пантыфікат Яна Паўла ІІ, а яго вянцом было ахвяраванне свету Божай Міласэрнасці ў 2002 г. у Кракаве-Лагеўніках. Праз тры гады Ян Павел ІІ памёр у вігілію ўстаноўленага ім свята Божай Міласэрнасці.
«Сваё жыццё і Пятрова служэнне ён звязваў да канца з Божай Міласэрнасцю, і гэта была яшчэ адна важная рыса яго святасці», — заўважае кардынал.
Пасланне Міласэрнасці Караль Вайтыла пачаў адкрываць яшчэ падчас Другой сусветнай вайны, калі, будучы працаўніком кампаніі Solvay, прыходзіў у сабо ў кляштарную капліцу Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, дзе ўшаноўваўся абраз Езуса Міласэрнага. Пазней у якасці біскупа ён прычыніўся да прызнання Касцёлам паслання аб Божай Міласэрнасці, перададзенага ў аб’яўленнях сястры Фаўстыне, а ў якасці Папы — здзейсніў беатыфікацыю с. Фаўстыны ў 1993 г. і кананізацыю ў год Вялікага юбілею хрысціянства.
Будучы святаром і біскупам, ён абвяшчаў праўду пра Божую Міласэрнасць як адну з неабходных рэчаў для збаўлення чалавека. Ён нагадваў, што чалавек уласнымі сіламі не можа сябе збавіць, таму звяртаецца да Божай Міласэрнасці. У 1980 г. выйшла яго энцыкліка Dives in misericordia («Вялікі ў міласэрнасці Бог») пра Божую Міласэрнасць — адзін з найважнейшых у гісторыі Касцёла дакументаў на гэтую тэму.
Шмат разоў ён пісаў і казаў пра тое, што на ўсіх кантынентах з глыбіняў чалавечага цярпення ўзносіцца крык аб міласэрнасці.
«Там, дзе пануе нянавісць і жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць нявінных, патрэбная ласка міласэрнасці, якая супакойвае чалавечы розум і сэрца і нараджае мір. Дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека, патрэбная міласэрная любоў Бога, у якой ясна адкрываецца невымоўная каштоўнасць чалавечага існавання. Патрэбная міласэрнасць, каб усялякая несправядлівасць у свеце знікла ў ззянні праўды», — такімі былі яго словы ў Лагеўніках 17 жніўня 2002 г.
«Сёння мы можам сказаць, што ўсё жыццё Караля Вайтылы — Яна Паўла ІІ — было звязана з таямніцай Божай Міласэрнасці. Ён найперш прыняў дар міласэрнасці ў сваім жыцці, а потым дзяліўся ёю з іншымі людзьмі: будучы студэнтам, святаром, біскупам і Папам. Міласэрнасць для Яна Паўла ІІ азначала адкрыццё на іншага чалавека — багатага ці беднага, таму ў Кракаве ці ў Ватыкане яго пакоі і капліца заўсёды былі адчыненыя. Як напісаў ён у сваім тэстамэнце, ён не пакінуў нічога для сябе. Усё аддаў людзям. Нават апошнія ўбранні былі аддадзены ў якасці рэліквій. Не маючы нічога, ён належаў усім», — канстатуе кардынал Дзівіш.
З крыжам да канца
«Цярпенне ён прымаў як ласку. Калі потым прыйшлі іншыя цярпенні, як пералом рукі ці тазасцегнавай косці, ён ніколі не наракаў. Асабліва апошнія гады былі для Святога Айца суцэльнай паласой цярпення. Можам сабе ўявіць, якой вялікай пакутай было для яго тое, што ў апошнія дні жыцця ён увогуле не мог гаварыць.
Ён быў спартыўным чалавекам, а ў апошнія месяцы быў прыкуты да крэсла. У апошні Вялікдзень ён прыйшоў у рэфектарый, каб благаславіць велікодныя стравы і, як звычайна было, супольна з іншымі спажыць сняданак. Аднак ён не мог нават праглынуць сліну. Але Святы Айцец ніколі не наракаў», — распавядае кардынал Дзівіш.
У Велікодную нядзелю ён падышоў да вакна, з якога павінен быў прамаўляць, але не мог, і толькі ўдзяліў благаслаўленне. Потым ён сказаў: «Калі не магу ні цэлебраваць Імшу, ні прамаўляць, быць з народам, то лепш мне памерці, — але адразу дадаў: — Totus Tuus — Увесь Твой». Ніводнага слова больш ён ужо не сказаў. У апошні дзень свайго жыцця ён напісаў толькі: «Totus Tuus» — і гэта былі яго апошнія словы.