Пошук

13.05.2020 16:52   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by

Фота: Keystone / Getty Images

13 мая 1981 года быў учынены замах на жыццё Яна Паўла ІІ: падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Рыме ў 17.19 узброены зламыснік Мехмет Алі Агджа некалькі разоў стрэліў у Святога Айца.

Разам з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам КАІ узгадваем драматычныя падзеі, што адбываліся амаль чатыры дзесяцігоддзі таму.

Момант замаху. Фота з адкрытых крыніц.

Пасля таго, як прагучалі стрэлы, на плошчы пачалася паніка, а Папу, цяжка параненага ў жывот і ў руку, хутка перавезлі ў клініку Джэмэллі, дзе распачалася драматычная барацьба за яго жыццё. Складаная аперацыя, калі жыццё Пантыфіка літаральна «вісела на валасінцы», працягвалася некалькі гадзін.

Увесь свет у велізарным напружанні сачыў за навінамі. Усе задавалі сабе пытанне, ці выжыве Ян Павел ІІ.

«Святы Айцец адразу пасля замаху, будучы яшчэ ў прытомнасці, прабачыў злачынцы. Прабачыў яму, як Хрыстус прабачыў тым, якія Яго ўкрыжавалі. Тое ж самае ён зрабіў пасля таго, як прыйшоў у прытомнасць. Шмат разоў ён казаў, што ўдзячны Пану Богу за гэтае цярпенне, што можа ахвяраваць сваю кроў у інтэнцыі Касцёла, у інтэнцыі свету. Ён усведамляў таксама, што праз сваё цярпенне дапаўняў цярпенні Езуса Хрыста», — сказаў кардынал Станіслаў Дзівіш, Мітрапаліт Кракаўскі на пенсіі, у адным з інтэрв’ю для КАІ.

Фота з адкрытых крыніц

У адказ на пытанне пра прычыны замаху іерарх патлумачыў, што Яна Паўла ІІ лічылі небяспечным з-за паслання, якое ён абвяшчаў. Тады панавала меркаванне, што будучыня належыць марксізму, а камунізм сілаю распаўсюджваўся ў Еўропе. Ян Павел ІІ усё гэта перавярнуў. Ён сцвярджаў, што будучыня належыць міжчалавечай салідарнасці, любові, справядлівасці, свабодзе сумлення, чалавека і народаў, адзначыў кардынал у размове з прэс-службай Кракаўскай архідыяцэзіі.

Ён падкрэсліў, што Папа-паляк быў заўсёды адкрыты для людзей.

«Папа любіў чалавека. Яго любоўю быў Езус Хрыстус, але таксама ён заўсёды успрымаў з вялікай любоўю людзей <…>, ён цешыўся ад сустрэч з імі, а яны атрымлівалі ад гэтага вялікую карысць», — узгадаў кардынал.

13 мая 1981 года Святы Айцец, кіруючыся гэтай любоўю да вернікаў, у звычайным адкрытым аўтамабілі аб’язджаў плошчу Святога Пятра, каб прывітаць сабраных пілігрымаў. Менавіта тады з натоўпу выбухнулі здрадніцкія стрэлы, а паранены Папа ўпаў на рукі свайго сакратара ксяндза Станіслава Дзівіша.

Фота: Tommy W. Andersen / Keystone / Getty Images

Сваё цярпенне Ян Павел ІІ ахвяраваў у інтэнцыі Касцёла і свету. «Я быў пасля замаху ў машыне хуткай дапамогі. Калі ён яшчэ быў у прытомнасці, то маліўся, усё больш ціха. І я чуў, як ён ахвяраваў гэтае цярпенне за справы Касцёла, а таксама за тое, каб захаваць клопат пра жыццё чалавека», — сказаў кардынал.

…У сваёй кнізе «Памяць і самасвядомасць» Папа Ян Павел ІІ пісаў: «Памятаю гэты шлях у шпіталь. Я быў яшчэ пэўны час у прытомнасці. У мяне было адчуванне, што выжыву.

Я пакутаваў, была прычына для страху, але была такая дзіўная вера. Я казаў ксяндзу Станіславу, што прабачаю таму, хто ўчыніў замах».

У шпіталі з-за страты крыві Папа страціў прытомнасць. Медыкі сцвярджалі, што ціск падае, а біццё сэрца становіцца ўсё менш адчувальным. Ксяндза Станіслава Дзівіша папрасілі ўдзяліць Святому Айцу ў аперацыйнай зале сакрамэнт хворых, каб падрыхтаваць яго да смерці.

Ян Павел ІІ у клініцы Джэмэллі пасля замаху. Ліпень 1981 г. Фота: EPA / ANSA

Пасля аперацыі Папу напаткала чарговая небяспека: цытамегалавірус, які развіваўся пасля пералівання крыві, ствараў, на думку ўрачоў, пагрозу для яго жыцця. Яны зазначалі, што ступень заражэння яго арганізму перавысіла вядомыя ім смяротныя выпадкі.

Выздараўленне працягвалася доўга. Ян Павел ІІ сказаў, што дата замаху супала з гадавінай першага фацімскага аб’яўлення. Ён адзначыў:

«Не ведаю, хто ўклаў пісталет у руку таго, хто страляў, але ведаю, хто змяніў палёт кулі». Ён лічыў, што менавіта Маці Божай Фацімскай удзячны за сваё жыццё. Роўна праз дзесяць гадоў пасля замаху ля Яе падножжа ён казаў: «Ты была мне Маці заўсёды, а асабліва 13 мая 1981 года, калі я адчуў побач Тваю апякунчую прысутнасць».

Фота: pinterest.com

Канчаткова Святы Айцец развітаўся з клінікай 13 жніўня 1981 года.

Досвед драматычнага замаху прынёс канкрэтны плён: Папа пазнаёміўся з фацімскімі таямніцамі, здзейсніў пілігрымку ў Фаціму і даручыў Еўропу і Расію Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Кулю, якой быў паранены, ён пакінуў як вотум у Фацімскім санктуарыі: яна была змешчана ў кароне фігуры Маці Божай з Фацімы.

Вярнуўшыся да здароўя, Ян Павел ІІ сустрэўся з Мехметам Алі Агджой у вязніцы і асабіста прабачыў яму ўчынены замах.

Папа Ян Павел ІІ і Мехмед Алі Агджа. Фота: AP / Arturo Mari

Абноўлена 14.05.2020 09:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця