Пошук

12.05.2020 16:44   Паводле: Vatican News
Фота: ceinews.it

У Міжнародны дзень медыцынскай сястры, які адзначаецца 12 мая і супадае з днём нараджэння Флорэнс Найцінгейл, адной з заснавальніц службы сясцёр міласэрнасці, Папа Францішак павіншаваў медсясцёр і медбратоў, акушэрак і акушэраў.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каранавірусу, Святы Айцец зрабіў гэта ў форме паслання.

Папа адзначыў, што падчас пандэміі мы па-новаму адкрылі фундаментальнае значэнне ролі, якую адыгрываюць медсёстры і медбраты, акушэркі і акушэры. Кожны дзень свет назірае «сведчанне мужнасці і самаахвярнасці медыцынскіх работнікаў», якія «прафесіяналізмам, самаахвярнасцю і пачуццём адказнасці і любові да бліжняга дапамагаюць людзям, якія пацярпелі ад вірусу», «падвяргаючы рызыцы ўласнае здароўе».

На жаль, сведчаннем гэтага з’яўляецца вялікая колькасць медработнікаў, якія памерлі ў выніку вернай службы.

«Я малюся за іх — Пан ведае кожнага з іх па імені — і за ўсіх ахвяр гэтай пандэміі»,

— напісаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што медсёстры і медбраты гістарычна адыгрывалі цэнтральную ролю ў ахове здароўя.

«Гэта мужчыны і жанчыны, якія вырашылі сказаць „так“ вельмі адмысловаму пакліканню: быць Добрым Самаранінам, які бярэ адказнасць за жыццё і пакуты іншых. Яны — захавальніцы і захавальнікі жыцця, якія, нават пры выкананні неабходных метадаў лячэння, даюць мужнасць, надзею і давер», — заўважыў Папа Францішак.

На думку Пантыфіка, «у многіх краінах пандэмія выявіла шэраг недахопаў у аказанні медыцынскай дапамогі». Менавіта таму ён звярнуўся да кіраўніцтва краін з заклікам інвеставаць у сферу медыцыны, каб «забяспечыць належны догляд усім, з павагай да годнасці кожнага чалавека».

Папа нагадаў, што маральная адказнасць з’яўляецца адметнай рысай прафесіі медсястры і медбрата, якая «не можа быць зведзена выключна да навукова-тэхнічных ведаў, але павінна пастаянна натхняцца чалавечымі і гуманізаванымі адносінамі да хворых».

«Вы — і тут я таксама думаю пра акушэрак і акушэраў — знаходзіцеся побач з людзьмі ў адказныя моманты іх існавання — нараджэння і смерці, хваробы і вылячэння — дапамагаеце ім змагацца з траўматычнымі сітуацыямі. Часам вы апынаецеся побач з імі, калі яны паміраюць, даючы суцяшэнне і палёгку ў апошнія хвіліны. Ваша самаадданасць уключае вас у лік „святых па суседстве“.

Вы ўвасабляеце сабой Касцёл як „палявы шпіталь“, працягваючы выконваць місію Езуса Хрыста»,

— напісаў Пантыфік.

Медсёстры і медбраты, акушэркі і акушэры «заслужана маюць права на больш якасную і поўную ацэнку і ўдзел у працэсах, якія датычацца здароўя людзей і грамадства». Папа Францішак лічыць, што «іх прафесіяналізм павінен узмацняцца шляхам прапановы адпаведных навуковых, чалавечых, псіхалагічных і духоўных інструментаў для іх адукацыі, паляпшэння ўмоў працы і гарантавання правоў». У гэтым плане важную ролю адыгрываюць асацыяцыі медыцынскіх работнікаў.

«Я хацеў бы скіраваць асаблівае слова акушэркам і акушэрам, якія клапоцяцца пра жанчын у цяжарнасці і дапамагаюць ім нарадзіць дзяцей. Ваша прафесія ўваходзіць у лік самых высакародных, бо яна непасрэдна прысвечана служэнню жыцця і мацярынству», — напісаў Папа.

Абноўлена 12.05.2020 17:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.