Пошук

06.05.2020 14:58   Паводле: Vatican News
Фота: ZENIT

Агульнай аўдыенцыяй, якая 6 мая прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ён падкрэсліў, што малітва — гэта «подых веры» і яе найбольш уласцівы выраз. Малітва — як крык, што выходзіць з сэрца таго, хто верыць, і давярае сябе Богу.

У якасці прыкладу чалавека малітвы Папа прыгадаў сляпога жабрака Бартымея з Евангелля паводле Марка (10, 46-52), які прасіў міласціну ля дарогі на ўскраіне Ерыхона. Пачуўшы, што Езус павінен прайсці тут, ён зрабіў усё магчымае, каб сустрэцца з Ім.

Пантыфік заўважыў, што Бартымей увайшоў на старонкі Евангелля як чалавек, што «крычыць на ўсё горла».

Ён зразумеў па шуме натоўпу, што Езус блізка, і, паколькі быў самотным і ніхто не мог дапамагчы яму, выкарыстаў «адзіную зброю, якой валодаў: голас». Бартымей пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!»

«Яго крык, што надакучліва паўтараўся, здаваўся непрыстойным, і многія яго папракалі, загадвалі яму змоўкнуць: “Будзь прыстойным, не рабі так”. Але Бартымей не змаўкаў, а наадварот, крычаў яшчэ мацней: “Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!” Такая ўпартасць уласцівая тым, хто шукае ласку і стукае, стукае ў дзверы Божага сэрца. Гэты выраз: “Сыне Давіда” — вельмі важны; ён азначае — “Месія”. Гэта вызнанне веры, што выйшла з вуснаў чалавека, якім пагарджалі ўсе», — звярнуў увагу Папа.

Малітва Бартымея кранула сэрца Езуса, і Ён загадаў паклікаць гэтага чалавека. Жабрак устаў, а тыя, хто спачатку загадваў яму змоўкнуць, прывялі яго да Настаўніка. Езус спытаў, чаго ён хоча, і тады крык Бартымея пераўтварыўся ў просьбу: «Каб я зноў бачыў, Пане!»

Калі Хрыстус адказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе», Ён прызнаў сілу веры гэтага беднага, хворага, пагарджанага чалавека, якая прыцягнула міласэрнасць і моц Бога.

Папа Францішак прыгадаў, што фундаментам малітвы з’яўляецца пакора, прызнанне стану нашай патрэбы, прагі Бога.

«Вера, як мы ўбачылі на прыкладзе Бартымея, — гэта крык; нявер’е — заглушэнне крыку, што рабілі людзі, якія загадвалі змоўкнуць і не былі людзьмі веры; заглушэнне такога крыку, гэта свайго роду “кругавая парука”. Вера з’яўляецца пратэстам супраць цяжкага стану, прычын якога не разумеем; нявер’е — гэта абмежаванне цярпеннем той сітуацыі, да якой мы прыстасаваліся. Вера — гэта надзея на збаўленне; нявер’е — прызвычаенасць да зла, якое нас прыгнятае», — сказаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на важнасць прыкладу настойлівасці Бартымея. Вакол яго былі людзі, якія казалі, што прасіць не мае сэнсу, што гэта — крык без адказу, усяго толькі стварэнне надакучлівага шуму: але ён не маўчаў і ў выніку атрымаў тое, чаго прагнуў. Пантыфік зазначыў, што ў сэрцы кожнага чалавека ёсць голас, мацнейшы за любую супрацьлеглую аргументацыю. Гэта крык, які выходзіць спантанна, пытаючыся пра сэнс нашага зямнога пілігрымавання, асабліва тады, калі знаходзімся ў цемры і просім: «Езу, змілуйся нада мною!»

«Гарызонт з’яўляецца нашмат больш шырокім: Павел сцвярджаў, што ўсё стварэнне “разам стогне і нараджае ў пакутах” (Рым 8, 22)»,

— падкрэсліў Папа.

Усё стварэнне просіць аб канчатковым спаўненні таямніцы міласэрнасці. Моляцца не толькі хрысціяне: яны падзяляюць крык малітвы з кожным чалавекам, і гэта крык «жабрака перад Богам», — завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа