Падчас ранішняй святой Імшы, якую 17 красавіка цэлебраваў у Ватыкане, Папа Францішак нагадаў, што блізкасць з Панам павінна быць не гнастычнай і віртуальнай, а канкрэтнай — у супольнасці і сакрамэнтах.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у гаміліі Святы Айцец пракаментаваў літургічнае чытанне з Евангелля паводле Яна (21, 1–14), у якім апавядаецца, як уваскрослы Езус з’явіўся на беразе Тыберыядскага мора перад сваімі вучнямі, што вярталіся пасля няўдалай рыбнай лоўлі. На заклік Пана яны зноў закінулі сетку і «не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы».
Папа заўважыў, што гэтая сцэна адбылася самым натуральным чынам, бо вучні ўжо добра ведалі Хрыста і адчувалі блізкасць з Ім. Таксама і мы, хрысціяне, на нашым жыццёвым шляху павінны ўзрастаць у блізкасці Панам, адзначыў ён, дадаўшы, што гэтая блізкасць павінна станавіцца штодзённай, развівацца як на асабістым узроўні, так і на ўзроўні супольнасці.
«Блізкасць без супольнасці, блізкасць без Хлеба, блізкасць без Касцёла, без народа, без сакрамэнтаў — небяспечная.
Яна можа стаць гнастычнай, індывідуалістычнай, адарванай ад Божага народу фамільярнасцю. Блізкасць апосталаў з Панам заўсёды насіла рысы супольнасці, заўсёды за сталом, была знакам супольнасці. Яна заўсёды была звязана з сакрамэнтам, з Хлебам», — заўважыў Пантыфік.
Гаворачы пра актуальную сітуацыю, выкліканую пандэміяй, Папа заўважыў, што нават тады, калі вернікі ўдзельнічаюць у набажэнствах з дапамогай сродкаў камунікацыі, яны не знаходзяцца разам і не маюць магчымасці прымаць святую Камунію фізічным чынам. Гэта вымушаная сітуацыя, «але ў ідэале Касцёл заўсёды павінен быць з народам і сакрамэнтамі».
«Касцёл, сакрамэнты, Божы народ — носяць канкрэтныя рысы. Гэта праўда, што цяпер мы павінны сведчыць блізкасць з Панам вось такім чынам, але робім гэта, каб выйсці з тунэлю, не заставацца ў ім», — адзначыў Пантыфік.
Папа яшчэ раз падкрэсліў, што блізкасць апосталаў з Езусам была не гнастычнай, не віртуальнай, не індывідуалістычнай, але канкрэтнай: у супольнасці і сакрамэнтах.
«Яны прайшлі шлях сталення ў блізкасці з Панам. Будзем вучыцца гэтаму ад іх», — заклікаў ён.