12 красавіка, у нядзелю Уваскрасення Пана, пасля заканчэння ўрачыстай святой Імшы Папа Францішак звярнуўся са словам пастыра да вернікаў усяго свету ад галоўнага алтара базылікі святога Пятра, пасля чаго ўдзяліў традыцыйнае благаслаўленне «Гораду і свету».
Сёлета Святы Айцец удзяліў яго не як звычайна, з балкона базылікі, а ў амаль пустой святыні. Благаслаўленне трансліравалася ва ўсім свеце, і той, хто яго пабожна прыняў, мог атрымаць таксама поўны адпуст пры звычайных умовах.
Тэкст разважання Папы перад благаслаўленнем у перакладзе на беларускую мову падае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
***
Сёння ва ўсім свеце гучыць вестка Касцёла: «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!»
Нібы новы агонь, гэтая Добрая Навіна ўспыхнула сярод ночы: ночы свету, ужо ахопленага эпахальнымі выклікамі і цяпер прыгнечанага пандэміяй, якая прынесла цяжкае выпрабаванне нашай вялікай чалавечай сям’і.
У гэтую ноч зноў загучаў голас Касцёла: «Уваскрос ужо Хрыстус, Бог мой і надзея».
Гэта іншая «заразлівасць», якая перадаецца ад сэрца да сэрца, таму што кожнае чалавечае сэрца чакае гэтай Добрай Навіны. Гэта заразлівасць надзеі: «Уваскрос ужо Хрыстус, Бог мой і надзея!» Гэта не магічная формула, якая вырашае праблемы. Не! Уваскрасенне Хрыста ёй не з’яўляецца. Гэта перамога любові над коранем зла, перамога, якая не «выцясняе» пакуты і смерць, але праходзіць іх наскрозь, адкрываючы шлях у неспасціжнае, ператвараючы зло ў дабро: выключны знак Божай моцы.
Уваскрослы — гэта Укрыжаваны, не хтосьці іншы. У сваім слаўным целе Ён нясе непазбыўныя раны: раны, якія сталі адтулінамі надзеі. На Яго скіроўваем наш позірк, каб Ён загаіў раны пакутнага чалавецтва.
У гэты дзень мае думкі звернуты асаблівым чынам да ўсіх тых, каго непасрэдна закрануў каранавірус: да хворых, памерлых і іх родных, якія аплакваюць смерць блізкіх, з якімі ў асобных выпадках не мелі магчымасці нават развітацца.
Няхай Пан жыцця прыме ў сваё Валадарства памерлых і дасць падтрымку і надзею тым, хто яшчэ праходзіць праз выпрабаванне, асабліва пажылым і самотным людзям. Няхай не адчуваюць недахопу ў Яго суцяшэнні і патрэбнай дапамозе тыя, хто знаходзіцца ва ўмовах асаблівай уразлівасці, як работнікі шпіталяў або тыя, хто жыве ў казармах, а таксама зняволеныя ў турмах. Для многіх гэта Вялікдзень самоты, якая перажываецца сярод жалобы і шматлікіх нястач, выкліканых пандэміяй: ад фізічных пакут да эканамічных праблем.
Гэтая пошасць не пазбавіла нас толькі пачуццяў, а таксама магчымасці асабіста атрымліваць суцяшэнне, якое выцякае з сакрамэнтаў, асабліва з Эўхарыстыі і споведзі.
У многіх краінах не было магчымасці да іх наблізіцца, але Пан нас не пакінуў! Застаючыся з’яднанымі ў малітве, мы ўпэўненыя, што Ён усклаў на нас сваю руку (пар. Пс 139 (138), 5), з моцай паўтараючы: «Не бойцеся, Я ўваскрос і буду заўсёды з вамі!»
Няхай Езус, нашая Пасха, дае сілы і надзею медыкам і медсёстрам, якія паўсюль даюць сведчанне клопату і любові да бліжняга, на мяжы сваіх сіл і нярэдка ахвяруючы ўласным здароўем. Да іх, як і да тых, хто рупліва працуе для забеспячэння чалавечага грамадства самымі неабходнымі паслугамі, да органаў правапарадку і да вайскоўцаў, якія ў многіх краінах паспрыялі аслабленню цяжкасцяў і пакут насельніцтва, звернуты нашыя сардэчныя думкі разам з нашай удзячнасцю.
За гэтыя тыдні жыццё мільёнаў чалавек раптоўна змянілася.
Для многіх неабходнасць заставацца дома стала нагодаю для таго, каб паразважаць, спыніць шалёны рытм жыцця, пабыць са сваімі роднымі і атрымаць асалоду ад іх прысутнасці побач. Для многіх, аднак, гэта таксама час трывогі за будучыню, якая выглядае няпэўнай; за працу, якую ёсць рызыка страціць, і за іншыя наступствы, якія нясе з сабой цяперашні крызіс. Заахвочваю ўсіх, хто мае палітычную адказнасць, прыкладаць актыўныя намаганні, каб дазволіць усім весці годнае жыццё, і спрыяць, наколькі дазваляюць абставіны, аднаўленню звычайнай штодзённай дзейнасці.
Цяпер не час для абыякавасці, бо ўвесь свет пакутуе і павінен аб’яднацца ў супрацьстаянні пандэміі.
Няхай уваскрослы Езус адорыць надзеяй усіх бедных; усіх, хто жыве на перыферыі, бежанцаў і бяздомных. Няхай не застануцца самотнымі гэтыя найбольш слабыя браты і сёстры, якія насяляюць гарады і ўскраіны ўсіх частак свету.
Не дазволім жа, каб яны адчувалі недахоп рэчаў першай неабходнасці, знайсці якія цяпер цяжэй, бо многія прадпрыемствы закрытыя, а таксама лекаў і асабліва магчымасці годнай медыцынскай дапамогі. З улікам абставін, варта таксама аслабіць міжнародныя санкцыі, якія стрымліваюць магчымасць краін, якія яны закранаюць, аказваць адэкватную падтрымку сваім грамадзянам і дазволіць усім краінам, асабліва найбольш бедным, задавольваць найбольшыя патрэбы часу, скараціўшы, калі не спісаўшы цалкам, запазычанасці, што абцяжарваюць іх бюджэты.
Цяпер не час для эгаізму, таму што выклік, з якім мы сутыкнуліся, аб’ядноўвае нас усіх і не робіць адрозненняў паміж асобамі.
Сярод мноства рэгіёнаў свету, паражоных каранавірусам, асаблівыя думкі я звяртаю да Еўропы. Пасля Другой сусветнай вайны гэты дарагі кантынент здолеў адрадзіцца, дзякуючы канкрэтнаму духу салідарнасці, які дазволіў яму пераадолець суперніцтва мінулага. Як ніколі важна, асабліва ў сучасных абставінах, каб такое суперніцтва не ўзмацнілася зноў, але каб усе прызнавалі сябе часткай адзінай сям’і і падтрымлівалі адзін аднаго.
Сёння Еўрапейскі Саюз мае перад сабой эпахальны выклік, ад якога будзе залежаць не толькі яго будучыня, але будучыня ўсяго свету. Няхай не будзе згублена магчымасць у чарговы раз праявіць салідарнасць, у тым ліку дзякуючы інавацыйным рашэнням. Альтэрнатыва — толькі эгаізм прыватных інтарэсаў і спакуса вяртання да мінулага з рызыкай прынесці цяжкае выпрабаванне мірнаму суіснаванню і развіццю будучых пакаленняў. Цяпер не час для падзелаў. Няхай Хрыстус, наш супакой, асветліць адказных у канфліктах, каб яны мелі адважнасць далучыцца да закліку да глабальнага і неадкладнага спынення агню ва ўсіх кутках свету.
Цяпер не час, каб працягваць вырабляць і гандляваць зброяй, выдаткоўваючы велізарныя сродкі, якія павінны быць выкарыстаны для лячэння людзей і ратавання жыцця.
Настаў час нарэшце скончыць доўгую вайну, што скрывавіла Сірыю, канфлікт у Емене і напружанасць у Іраку і Ліване. Настаў час, каб ізраільцяне і палестынцы ўзнавілі дыялог для пошуку стабільнага і трывалага рашэння, якое б дазволіла абодвум бакам жыць у міры. Няхай скончацца пакуты насельніцтва, якое жыве ва ўсходніх рэгіёнах Украіны. Няхай будзе пакладзены канец тэрарыстычным актам, якія здзяйсняюцца супраць бязвінных людзей у розных краінах Афрыкі.
Цяпер не час для забыцця. Няхай крызіс, які мы перажываем, не дасць нам забыцца пра многія іншыя надзвычайныя выпадкі, якія нясуць з сабой пакуты многіх людзей.
Няхай Пан жыцця праявіць блізкасць да народаў Азіі і Афрыкі, якія сутыкаюцца з цяжкім гуманітарным крызісам, як у правінцыі Кабу-Дэлгаду ў паўночным Мазамбіку. Няхай Ён распаліць сэрца многіх бежанцаў і людзей, якія апынуліся ў эвакуацыі з прычыны вайны, засухі і голаду. Няхай падорыць заступніцтва шматлікім мігрантам і бежанцам, многія з якіх — дзеці, якія жывуць у нязносных умовах, асабліва ў Лівіі і на мяжы паміж Грэцыяй і Турцыяй. Няхай Ён дапусціць, каб у Венесуэле былі дасягнуты канкрэтныя і неадкладныя рашэнні, накіраваныя на тое, каб міжнародная дапамога дасягнула насельніцтва, што пакутуе з прычыны складанай палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і санітарнай кан’юнктуры.
Дарагія браты і сёстры, абыякавасць, эгаізм, падзелы, забыццё — гэта зусім не тыя словы, якія мы хочам чуць у гэты час. Хочам выгнаць іх з усіх часоў!
Пачынае здавацца, што яны пераважаюць, калі ў нас перамагаюць страх і смерць; інакш кажучы, калі мы не дазваляем Пану Езусу перамагчы ў нашым сэрцы і ў нашым жыцці. Няхай жа Ён, які ўжо зруйнаваў смерць, адкрыўшы нам дарогу вечнага збаўлення, рассее цемру нашага беднага чалавецтва і ўвядзе нас у свой слаўны дзень, які не ведае канца.
***
Зачытаўшы пасланне, Святы Айцец удзяліў усім вернікам традыцыйнае благаслаўленне Urbi et orbi — «Гораду і свету».