11 сакавіка ў Рымскай дыяцэзіі быў абвешчаны дзень посту і малітвы ў інтэнцыі выбаўлення ад каранавірусу, падчас якога Святы Айцец даручыў свет абароне Марыі.
Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, увечары кардынал вікарый Рыма Анджэло дэ Данаціс узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў рымскім санктуарыі Багародзіцы Боскай Любові, якая праходзіла без удзелу вернікаў з-за строгіх санітарных абмежаванняў, уведзеных італьянскімі ўладамі. Цэлебрацыя транслявалася ў прамым эфіры.
Перад пачаткам трансляцыі быў паказаны відэазварот Папы Францішка на італьянскай мове.
Святы Айцец у малітве праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі — Аздараўлення хворых і Збаўлення рымскага народа — даручыў горад Рым, Італію і ўвесь свет абароне Маці Божай.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама выступіў са зваротам, у якім заклікаў да малітвы аб выбаўленні ад каранавірусу. Штодзённыя малітвы ў гэтай інтэнцыі праз заступніцтва апекуна ад эпідэмій святога Роха адбываюцца ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.
Малітва Папы Францішка
О Марыя, Ты заўсёды ззяеш на нашым шляху як знак збаўленння і надзеі. Мы аддаемся Табе, Аздараўленне хворых, якая, стоячы пад Крыжам, падзяліла цярпенне Хрыста, захаваўшы непахісную веру.
Ты, Збаўленне рымскага народа, ведаеш, у чым мы маем патрэбу, і мы ўпэўнены, што Ты пра нас паклапоцішся, каб, як у Кане Галілейскай, зноў вярнулася радасць і святочны настрой пасля гэтай хвіліны выпрабавання.
Дапамажы нам, Маці Боскай Любові, выканаць волю Нябеснага Айца і зрабіць усё, што нам скажа Езус, які ўзяў на сябе нашыя цярпенні і ўсклаў на сябе ўвесь наш балючы цяжар, каб праз Крыж весці нас да радасці ўваскрашэння. Амэн.
Тваёй абароне аддаемся, святая Багародзіца. У час выпрабавання не пагарджай маленнем нашым і вызвалі нас ад усіх небяспекаў, о Панна хвалебная і благаслаўлёная.