Пошук

11.03.2020 16:26   Паводле: Vatican News
Фота: Andrew Medichini / AP

Евангелле Езуса Хрыста — самая вялікая справядлівасць, якую можна прапанаваць душы чалавецтва, падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 11 сакавіка. У сувязі з эпідэміяй каранавірусу аўдыенцыя прайшла ў іншым, чым звычайна, фармаце: без прысутнасці вернікаў.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец прамаўляў з бібліятэкі Апостальскага палаца ў Ватыкане, у якой звычайна прымае высокапастаўленых гасцей. За прамым эфірам можна было сачыць у ватыканскіх СМІ, у тым ліку Vatican News, і ў іншых міжнародных медыя.

Працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны евангельскім благаслаўленням, Пантыфік засяродзіў увагу на чацвёртым: «Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны» (Мц 5, 6).

Ён заўважыў, што голад і прага — першасныя патрэбы, якія тычацца выжывання чалавека.

«Але што значыць мець голад і прагу справядлівасці?» — адказваючы на гэтае пытанне, Папа заўважыў, што гаворка не ідзе пра жаданне помсты, хоць «чалавечае грамадства неадкладна патрабуе роўнасці, праўды і сацыяльнай справядлівасці», а Бог пакутуе ад болю сваіх дзяцей. «Голад і прага справядлівасці, пра якую кажа Пан, з’яўляюцца глыбейшымі, чым законная патрэба ў чалавечай справядлівасці, якую кожны носіць у сваім сэрцы», — падкрэсліў Святы Айцец.

У Нагорным казанні Езус мае на ўвазе справядлівасць, большую за чалавечае права ці асабістую дасканаласць. Хрыстус падкрэсліў: «Калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 20). Гэта і ёсць справядлівасць, якая паходзіць ад Бога, патлумачыў Пантыфік.

«У Святым Пісанні мы знаходзім выраз прагі, глыбейшай за фізічную, якая з’яўляецца жаданнем, што знаходзіцца ў самай глыбіні нашага быцця.

Псальм кажа: “Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю, Цябе прагне душа мая, маё цела па Табе тужыць у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай” (Пс 63, 2). Айцы Касцёла казалі пра гэты плённы неспакой, што жыве ў сэрцы чалавека. Святы Аўгустын сцвярджаў: “Ты стварыў нас для Сябе, і не ведае спакою сэрца наша, пакуль не супакоіцца ў Табе”», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што існуе ўнутраны голад і неспакой, які кожны чалавек носіць у сэрцы і які з’яўляецца не чым іншым, як жаданнем Бога.

«У сэрцы кожнага чалавека, нават самага сапсутага і далёкага ад дабра, схавана гарачае імкненне да святла. Нават калі ён знаходзіцца пад руінамі ілжы і памылак, заўсёды мае прагу праўды і дабра, якая з’яўляецца прагай Бога. Гэта Святы Дух стварае такую прагу: менавіта Ён з’яўляецца жывой вадой, якая перамяняе наш прах, менавіта Ён — подых Стварыцеля, які даў нам жыццё», — адзначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Касцёл пасланы абвяшчаць усім Божае слова, напоўненае Святым Духам, бо Евангелле Езуса Хрыста — самая вялікая справядлівасць, якую можна даць душы чалавецтва.

Чалавецтва мае патрэбу ў такой справядлівасці, нават калі не ўсведамляе гэтага, лічыць Святы Айцец.

«Напрыклад, калі мужчына і жанчына бяруць шлюб, яны маюць намер пабудаваць штосьці вялікае і прыгожае, а калі будуць падтрымліваць гэта прагненне, заўсёды знойдуць шлях, каб ісці наперад, пасярод праблем, з дапамогай Божай ласкі. Таксама і моладзь мае такі голад і не павінна яго згубіць! І ў сэрцах дзяцей трэба бараніць і ўмацоўваць гэта жаданне любові, ласкавасці, гасціннасці, якое яны выражаюць у сваіх шчырых і светлых імкненнях», — сцвердзіў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла зазначыў, што кожны чалавек пакліканы адкрыць тое, што з’яўляецца па-сапраўднаму каштоўным, у чым ён па-сапраўднаму мае патрэбу, што дапаможа яму жыць добра, а ў той жа час ён пакліканы асэнсаваць, што з’яўляецца другасным і без чаго можна спакойна абысціся.

Пантыфік падкрэсліў, што, гаворачы пра голад і прагу справядлівасці, Езус кажа пра існаванне такога прагнення, якое адпавядае Божаму сэрцу.

На заканчэнне катэхезы Папа заклікаў маліцца аб празе знайсці і ўбачыць Бога, а таксама рабіць дабро іншым людзям.

Абноўлена 11.03.2020 16:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа