Няхай час Вялікага посту дапаможа нам надаць евангельскі сэнс і гэтаму моманту выпрабавання і болю, пажадаў Папа Францішак пасля малітвы «Анёл Панскі» 8 сакавіка, выказваючы салідарнасць з усімі, хто дапамагае ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй, і тымі, хто ад яе пакутуе.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец, які ўзначаліў малітву «Анёл Панскі» з Папскай бібліятэкі Апостальскага палаца ў Ватыкане, сказаў:
«У сваіх малітвах я блізкі да людзей, якія пакутуюць ад гэтай эпідэміі каранавірусу, і да ўсіх, хто аказвае ім дапамогу. Далучаюся да маіх братоў-біскупаў, якія заклікаюць вернікаў перажыць гэты цяжкі момант з моцай веры, упэўненасцю надзеі і запалам міласэрнасці».
Звычайна Папа ўзначальвае малітву «Анёл Панскі» і звяртаецца з разважаннем над нядзельным літургічным чытаннем з акна, якое выходзіць на плошчу Святога Пятра. Фармат традыцыйнай сустрэчы з вернікамі быў зменены ў адпаведнасці з патрабаваннямі італьянскіх уладаў, каб пазбегнуць рызыкі распаўсюджвання COVID-19 у сувязі з вялікай колькасцю людзей каля металадэтэктараў падчас кантролю бяспекі пры ўваходзе на плошчу.
Агульная аўдыенцыя Святога Айца 11 сакавіка таксама адбудзецца ў выглядзе прамой трансляцыі без удзелу вернікаў.
У адпаведнасці з рашэннем Упраўлення аховы здароўя і гігіены Ватыкана ўдзел гасцей у Імшы ў капліцы Дома святой Марты будзе прыпынены да нядзелі 15 сакавіка. Папа будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў прыватным парадку.