Не існуе правоў, менш важных за іншыя, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, арцыбіскуп Іван Юркавіч назваў «непрымальнымі і абразлівымі» некаторыя рэкамендацыі, якія ўтрымліваюцца ў Дакладзе ААН аб свабодзе рэлігіі або веравызнання. Дакумент быў прадстаўлены 2 сакавіка на 43-й сесіі Савета па правах чалавека.
Ватыканскі дыпламат выказаў вялікую занепакоенасць у сувязі з існаваннем у дакуменце шматлікіх спасылак, якія прадстаўляюць «свабоду рэлігіі, веравызнання і сумлення» другаснай у параўнанні з іншымі «так званымі правамі чалавека», асабліва тымі, якія выражаюць свайго роду «ідэалагічную каланізацыю» з боку некаторых краін і міжнародных арганізацый.
З гэтага пункту гледжання, па яго словах, Даклад уяўляе сабой, «прынамсі часткова, напад на свабоду рэлігіі, веравызнання і сумлення».
Прадстаўнік Святога Пасаду падзяліўся ўражаннем, што «дакумент сканцэнтраваны на прасоўванні ўяўлення аб грамадстве, якое не падзяляецца ўсімі і не адлюстроўвае грамадскай, культурнай і рэлігійнай рэчаіснасці многіх народаў». У прыватнасці, у ім не ўдзелена належная ўвага праблеме абароны людзей розных веравызнанняў, якія падвяргаюцца пераследу і дыскрымінацыі.
Арцыбіскуп Юркавіч нагадаў, што 4 лютага 2019 г. Папа Францішак і імам Аль-Азхар Ахмед Эль Таеб падпісалі сумесную Дэкларацыю аб братэрстве, у якой утрымліваецца заклік да сусветных лідараў супрацоўнічаць на карысць пашырэння культуры цярпімасці і мірнага суіснавання.
Нягледзячы на гэта, у Дакладзе ААН няма ніводнай спасылкі на намаганні, якія былі зроблены рэлігійнымі лідарамі па спыненні кровапраліцця і войнаў.
Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі выказаў расчараванне і здзіўленне тым фактам, што даклад ААН — арганізацыі, якая павінна ахоўваць фундаментальнае і паўсюднае права чалавека на свабоду рэлігіі, веравызнання і сумлення, — насамрэч з’яўляецца нападам на гэтае права.