Раніцай 6 сакавіка кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміў, што ватыканская ўстанова аховы здароўя была часова зачынена з-за неабходнасці правесці комплексную дэзінфекцыю пасля выяўленага ўчора выпадку заражэння каранавірусам.
«Сёння раніцай усе амбулаторныя аддзяленні прыпынілі сваю дзейнасць з мэтаю абеззаражвання памяшканняў пасля таго, як учора ў аднаго з пацыентаў быў дыягнаставаны вірус COVID-19. Аднак аддзяленне першай медыцынскай дапамогі працягвае працаваць.
Дырэкцыя па справах аховы здароўя і гігіены інфармуе адпаведныя італьянскія ўлады, а між тым было распачата выкананне прадпісаных у такіх выпадках санітарных пратаколаў», — перадае словы Матэо Бруні італьянская рэдакцыя парталу Vatican News.
Учора паведамлялася пра магчымасць часовага закрыцця з-за каранавірусу таксама Папскіх навучальных установаў, аднак пакуль адпаведнае рашэнне не было прынята.