Пошук

05.03.2020 15:50   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Focolare .org

5 сакавіка было абнародавана пасланне Святога Айца Францішка на ХХХV Сусветны дзень моладзі, які будзе адзначацца ў Пальмовую нядзелю, 5 красавіка, на дыяцэзіяльным узроўні.

«Хлопча, кажу табе, устань!» Гэтыя словы з Евангелля паводле святога Лукі (7, 14) сталі тэмай паслання Пантыфіка — першым з трох зваротаў, якія ён мае намер скіраваць да юнакоў і дзяўчат у бліжэйшыя гады ў кантэксце падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі, што пройдуць у 2022 годзе ў Лісабоне.

З апублікаваным дакументам коратка знаёміць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Папа Францішак заклікаў моладзь па прыкладзе Езуса заўважаць вакол сябе пакуты і смерць, якія могуць быць не толькі фізічнымі, але і духоўнымі.

Перад абліччам такіх сітуацый важна заставацца спагадлівымі, станавіцца носьбітамі надзеі ў свеце. Нельга ігнараваць пакутуючых людзей, трэба набліжацца да іх і «дакранацца» разам з Езусам. Такім чынам «вы зможаце перадаць жыццё вашым сябрам, духоўна нежывым, якія пакутуюць ці згубілі веру і надзею», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа Францішак нагадаў моладзі, што слова «ўстаць», з якім Езус звярнуўся да памерлага юнака з Наіна, значыць таксама «ўваскрэснуць, абудзіцца да жыцця». Ён прапанаваў перачытаць гэты евангельскі ўрывак, што дапаможа зрабіць рашучы крок у наследаванні Хрыста.

«Евангелле не называе імя юнака, якога Езус уваскрасіў у Наіне. Гэта заклік да таго, каб чытач атаясамліваў сябе з ім. Езус прамаўляе да цябе, да мяне, да кожнага з нас, і кажа: „Устань!“

Мы добра ведаем, што таксама і мы, хрысціяне, падаем і пастаянна павінны ўздымацца. Не падае толькі той, хто не ідзе; але ён не рухаецца наперад.

Таму трэба прыняць умяшанне Хрыста і здзейсніць акт веры ў Яго. Першы крок — гэта згода ўстаць», — заклікаў моладзь Папа.

Святы Айцец нагадаў таксама, што заклік «устаць» некалькі разоў паўтараецца ў яго паслясінадальнай адгартацыі Christus vivit, што падкрэслівае сувязь паміж Сінодам, прысвечаным моладзі, і Сусветнымі днямі моладзі.

Тэмай Сусветнага дня моладзі, які будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні ў наступным годзе, будуць словы з кнігі Дзеяў Апосталаў: «Падыміся і ўстань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе слугою і сведкам» (Дз 26, 16).

У 2022 годзе Сусветныя дні моладзі пройдуць на міжнародным узроўні. Іх тэмай стане радок з Евангелля паводле святога Лукі: «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла» (Лк 1, 39).

Абноўлена 05.03.2020 17:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.