Пошук

03.02.2020 13:02   Паводле: Vatican News
Фота: portugalinews.eu

Ксёндз Жуан Шагас з Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця думае, што Сусветныя дні моладзі 2022 г. у Лісабоне стануць грандыёзнай падзеяй. Ён чакае больш маштабнага форуму, чым у Панаме.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, святар адзначыў, што на гэта могуць паўплываць размяшчэнне сталіцы Партугаліі, яе добрая сувязь у плане транспарту з іншымі месцамі Еўропы і свету, паслядоўны рост папулярнасці гэтага горада сярод замежнікаў.

«Жыхары Лісабона натуральна адкрытыя для іншых, у той час як горад усё часцей прыцягвае замежнікаў, галоўным чынам моладзь. Сёння Лісабон з’яўляецца адным з лепшых гарадоў па якасці жыцця»,

— сказаў святар, які сам паходзіць з Партугаліі.

Тым часам у Панаме, праз год пасля завяршэння моладзевага форуму, падводзяць яго вынікі. Там пачаліся спецыяльныя ўрачыстасці з нагоды першай гадавіны Сусветных дзён моладзі.

Як адзначыў арцыбіскуп Панамы Хасэ Улоа Мэндзіета, душпастырства моладзі ў краіне пачало сапраўднае аднаўленне. На парафіяльным узроўні былі створаны экалагічныя групы, нарадзіўся рух моладзі, зацікаўленай у даследаванні сацыяльнага вучэння Касцёла. Акрамя душпастырскіх вынікаў, леташняя сустрэча ўмацавала жыхароў Панамы і іх ідэнтычнасць. Гэтаму паспрыялі словы Папы Францішка, які назваў панамскі народ «высакароднай нацыяй».

Як патлумачылі падчас адмысловай прэс-канферэнцыі, выдаткі на арганізацыю мерапрыемства склалі каля 20,7 млн долараў ЗША. Звыш 70% пакрыў абанемент зарэгістраваных удзельнікаў, 30% — гэта ўклад спонсараў і дабрачынцаў.

Трохдзённыя ўрачыстасці Celebremos 2020, якія пройдуць на ўзбярэжжы Сінта-Костэра, дзе год таму адбываліся сустрэчы Папы з моладдзю, уключаць у сябе малітоўную і спартыўную часткі. Завяршэннем урачыстасцяў стане старт трыенале, прысвечанага пакліканню.

У мінулагодніх ХХХIV Сусветных днях моладзі ўзялі ўдзел больш за 700 тыс. чалавек.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа