У Рыме непадалёк ад базылікі святога Пятра выстаўлена копія аздобнай капы, у якой святы Ян Павел ІІ распачаў Вялікі юбілей 2000 года, адчыніўшы дзверы галоўнай святыні каталіцкага свету.
Незвычайны папскі ўбор можна ўбачыць у кравецкай майстэрні X Regio, якая спецыялізуецца на пашыве літургічнага адзення. Як кажа прадстаўнік атэлье Рабэрто Дурыгута, колеры капы — золата, блакіт і чырвань — сімвалізуюць вечнасць, сусвет і збаўчую ахвяру Хрыста, а таксама адчыненыя дзверы збаўлення як пасланне Вялікага юбілею.
«Наколькі нам вядома, гэта адзіная ў сучаснай гісторыі літургічная шата, якая апраналася толькі раз, прычым толькі раз у гісторыі Рымскай Курыі.
Яе апранаў з нагоды выключнай падзеі выключны Папа, які цяпер святы, сотую гадавіну з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем», — нагадаў у інтэрв’ю Rome Reports Рабэрто Дурыгута.
Копію ўнікальнай капы святога Яна Паўла ІІ можна ўбачыць у зале атэлье X Regio на вуліцы Борго Вітторыё непадалёк ад Ватыкана.