Пошук

28.02.2020 17:27   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Vatican Media / SIR

27 лютага ў галоўнай святыні Рыма — катэдры святога Яна на Латэране — адбылася велікапосная сустрэча рымскага духавенства з пакаяннай літургіяй, у якой павінен быў удзельнічаць таксама Папа Францішак. З-за дрэннага самаадчування Святы Айцец не змог прысутнічаць на ёй асабіста, але скіраваў да духавенства сваё важкае слова, якое зачытаў кардынал вікарый Рыма Анджэло дэ Данаціс.

Як паведамляе італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, у разважаннях Святога Айца, якімі ён жадаў падзяліцца з рымскімі святарамі, увага засяроджваецца на непрыемнасцях, або, як кажа Папа, «горычах», што становяцца ў святарскім жыцці «незаўважным ворагам».

Гаворка ідзе пераважна пра горыч у веры, у адносінах з біскупам і паміж сабратамі.

Папа Францішак падкрэсліў, што яго разважанні сталі плёнам размоваў з некаторымі італьянскімі семінарыстамі і святарамі, але безадносна да нейкай асаблівай сітуацыі. Разам з тым Пантыфік зазначыў, што большасць святароў, тым не менш, задаволена сваім жыццём і лічыць гэтыя непрыемнасці чымсьці нармальным. Таму позірк на іх упрост дазваляе дакрануцца да нашай чалавечай натуры і такім чынам, на думку Папы, «нагадаць сабе, што мы як святары не пакліканыя быць усемагутнымі, а грэшнымі людзьмі, якія атрымалі прабачэнне».

Горыч у веры

У корані горычы ў веры можна заўважыць падманутую надзею. Надзею, за якую памылкова былі прынятыя нейкія спадзяванні. Хрысціянская надзея, насамрэч, не падманвае, падкрэсліў Святы Айцец, таму што «спадзявацца не азначае пераканацца ў тым, што справы пойдуць лепш, а наадварот, усё, што здараецца, мае сэнс у святле Пасхі». Каб умацоўваць надзею, неабходна весці насычанае малітоўнае жыццё, уваходзячы «ў святло Божага слова».

«Сёння адносіны з Богам у большай ступені, чым пастырскія расчаравaнні, могуць стаць глыбокай прычынай горычы. Часам здаецца, што Ён не лічыцца з чаканнямі поўнага і насычанага жыцця, якія мы мелі ў дзень пасвячэння. Часам стан падлетка, які ўсё яшчэ не мінуў, не дазваляе перайсці ад летуценняў да spes — надзеі. Магчыма, як святары мы бываем занадта „далікатнымі“ ў сваіх адносінах з Богам і не рызыкуем пратэставаць у малітве ў той час, як псальміст гэта робіць вельмі часта — не толькі за сябе, але і за наш народ, таму што пастыр нясе таксама горычы свайго народа», — сцвердзіў Папа Францішак.

Ён удакладніў, што сапраўдны пратэст — «не супраць Бога, а перад Ім» — нарaджаецца з даверу.

Горыч у адносінах з біскупам

Не абвінавачваючы агулам настаяцеляў ва ўсіх смяротных грахах, таму што насамрэч мы ўсе недасканалыя, Папа Францішак, тым не менш, не абмінае таго факту, што «нямала горычы ў жыцці святара звязана з занядбаннямі пастыраў». Гаворка ідзе не пра розныя падыходы да праблем кіравання або стылі душпастырства, якіх часта бывае немагчыма пазбегнуць, а пра дзве рэчы, якія «выводзяць святароў з раўнавагі».

Перш за ўсё Святы Айцец звярнуў увагу на пэўны аўтарытарызм, калі не прымаюць тых, хто думае інакш, і лічаць іх незадаволенымі. Падтрымка ініцыятываў становіцца меркаю прыналежнасці да супольнасці, хоць яна часта не супадае з аднолькавасцю меркаванняў. Інакш супольнасць мела б толькі адзін кірунак: святары павінны быць у еднасці з біскупам. Але ж і біскупы павінны быць у еднасці са святарамі.

Папа лічыць гэта «праблемай не дэмакратыі, а айцоўства».

Каб паказаць належны кірунак, Папа Францішак узгадаў святога Бэнэдыкта, які ў сваім Правіле прадпісвае абату раіцца з усёй супольнасцю перад прыняццем важных рашэнняў, хоць канчатковае рашэнне ўсё ж прымае ён сам: справядлівае і бесстаронняе.

Вялікаю спакусаю для пастыра з’яўляецца акружыць сябе «сваімі людзьмі». У такім выпадку сапраўдная кампетэнтнасць падмяняецца пэўнай асабістай лаяльнасцю і няма адрознення паміж тым, хто проста падтрымлівае, і тым, хто дае бескарыслівыя парады. Гэта, на думку Святога Айца, прычыняе вялікія пакуты пастве, якая часта моўчкі ўсё прымае, нічога не паказваючы знешне.

Аднак вернікі маюць права, а часам і абавязак, данесці да пастыраў тое, што яны думаюць пра дабро Касцёла, як гэта прадугледжвае Кодэкс кананічнага права.

Сапраўдны клопат заключаецца ў бесстароннасці, а не ў аднастайнасці, лічыць пастыр паўсюднага Касцёла.

Горыч у адносінах паміж святарамі

Трэцяй прычынай святарскіх непрыемнасцяў становяцца праблемы ў іх адносінах паміж сабою. У апошні час многія святары былі абвінавачаны ў фінансавых і сексуальных злоўжываннях, і падазронасць зрабіла адносіны больш халоднымі і фармальнымі.

«Перад абліччам скандалаў злы дух спакушае нас, навязваючы „данацісцкае“ бачанне Касцёла: бязгрэшныя — да нас, прэч тыя, хто памыляецца!

Мы маем фальшывае бачанне ваяўнічага Касцёла, штосьці накшталт касцёльнага пурытанства. Абранніца Хрыста ёсць і застаецца полем, на якім да Яго другога прыйсця расце і збожжа, і пустазелле. Той, хто не засвоіць такога евангельскага бачання рэчаіснасці, пакутуе ад невымоўных і непатрэбных горычаў. Тым не менш публічныя і апублікаваныя грахі духавенства зрабілі ўсіх больш асцярожнымі і менш схільнымі ўсталёўваць сур’ёзныя сувязі, перадусім з мэтаю ўзаемнага дзялення вераю.

Нягледзячы на павелічэнне колькасці супольных сустрэч, здаецца, што становіцца «больш супольнасцяў, але менш супольнага». Папа Францішак растлумачыў, што мае на ўвазе не самотнасць у хрысціянскім разуменні, уласцівую таму, хто моліцца.

Больш за тое, сапраўдная праблема заключаецца ў тым, што мы замала часу застаемся ў самоце. Без самотнасці няма бескарыслівай любові, і іншыя людзі рызыкуюць ператварыцца ў «сурагат для запаўнення пусткі». Драма заключаецца ў ізаляцыі: у ізаляцыі душы сярод людзей, калі «свет ласкі» паступова становіцца чужым, а святыя здаюцца «прыдуманымі сябрамі» дзяцей. Такім чынам аддаленне ад ласкі вядзе да рацыяналізму або сентыменталізму.

Святы Айцец таксама перасцерагае святароў ад памылкі цалкам знішчаць усё тое, што было зроблена іхнімі папярэднікамі.

Замест таго, каб імкнуцца падкрэсліць уласную значнасць, Папа раіць прыкласці намаганні да таго, каб падтрымліваць усё добрае, распачатае папярэднікамі. Гэта з’яўляецца балючым сімптомам ізаляцыі, комплексу ўласнай вышэйшасці, нежадання ісці супольным шляхам збаўлення.

Папа заклікаў святароў:

«Ніколі не ізалявацца, ніколі! Глыбокае пачуццё супольнасці ёсць толькі тады, калі я асабіста ўсведамляю гэтае „мы“, якім і я з’яўляюся, якім быў і якім буду. Інакш іншыя праблемы прыходзяць адна за адной: з ізаляцыі, з супольнасці без супольнага ўзнікае спаборніцтва і дакладна не супрацоўніцтва; вылазіць жаданне прызнання, а не радасць супольнай святасці; завязваюцца адносіны або для таго, каб параўнаць сябе з іншым, або каб падтрымаць адзін аднаго».

На заканчэнне свайго звароту Святы Айцец заўважыў, што Божы народ «ведае нас лепш, чым хто іншы». Вернікі ведаюць горычы сваіх святароў і моляцца за іх.

«Далучым жа да іх малітваў свае малітвы і папросім Пана Бога перамяніць нашыя горычы ў салодкую ваду для свайго народа. Папросім Пана Бога, каб даў нам здольнасць прызнаць тое, што для нас горка, і такім чынам дазволіць перамяніць сябе і быць людзьмі паяднанымі і тымі, якія яднаюць; прыміранымі, якія прыміраюць; поўнымі надзеі, якія напаўняюць надзеяй.

Божы народ чакае ад нас, каб мы былі духоўнымі настаўнікамі, здольнымі паказаць калодзежы салодкай вады сярод пустыні», — заклікаў духавенства Папа Францішак.

Абноўлена 28.02.2020 17:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця