Пошук

20.02.2020 10:15   Паводле: Vatican News
Фота: Newsweek

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 19 лютага ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак пракаментаваў трэцяе евангельскае благаслаўленне: «Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну» (Мц 5, 5).

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заўважыў, што слова «лагодны» літаральна азначае далікатны, ціхі, ветлівы і негвалтоўны. Гэтая якасць праяўляецца галоўным чынам падчас канфліктаў. «Кожны можа здавацца лагодным, калі ўсё спакойна, але як будзе рэагаваць, калі апынецца “пад ціскам”, калі стане ахвярай нападу, абразы, замаху?» — спытаў ён.

Лагоднасць была рысай Езуса. Святы Павел казаў пра «далікатнасць і лагоднасць Хрыста» (2 Кар 10, 1), а святы Пётр заўважаў, што падчас Мукі Ён не зласловіў у адказ і не пагражаў, бо «давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва» (1 П 2, 23), нагадаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што ў Святым Пісанні слова «лагодны» таксама азначае чалавека, які не мае зямельнай уласнасці. Евангельскае ж благаслаўленне кажа, што менавіта такія людзі «зямлю атрымаюць у спадчыну».

На першы погляд, лагоднасць і валоданне зямлёй здаюцца несумяшчальнымі, бо зямля — гэта тое, за што вядзецца барацьба, тое, што атрымлівае пераможца ў вайне, заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Але давайце лепш паглядзім на слова, выкарыстанае для ўказання таго, якім чынам авалодваюць лагодныя: яны не заваёўваюць зямлю. Не гаворыцца: “шчаслівыя лагодныя, бо заваююць зямлю”. Благаслаўленне кажа не так. Яны “атрымаюць у спадчыну”. Шчаслівыя лагодныя, бо “атрымаюць у спадчыну” зямлю. У Святым Пісанні словы “атрымаць у спадчыну” маюць значна вышэйшае значэнне. Божы Народ называе “спадчынай” зямлю Ізраэля, гэта значыць Абяцаную зямлю», — нагадаў Папа.

Ён патлумачыў, што для Божага народа зямля была абяцаннем і дарам, знакам нечага нашмат большага і глыбокага, чым проста тэрыторыяй. «Існуе “зямля” — дазвольце мне гульню слоў, — якая з’яўляецца Небам, або зямля, да якой мы пілігрымуем: новае неба і новая зямля, да якой мы ідзём», — сказаў Святы Айцец.

«Такім чынам, лагодны — гэта той, хто “атрымлівае ў спадчыну” самую цудоўную тэрыторыю. Ён не баязлівец, не “слабак”, які знаходзіць сабе апраўданне, каб заставацца па-за праблемамі.

Зусім іншае! Гэта асоба, якая атрымала спадчыну і не хоча яе растраціць. Лагодны — гэта не прыстасаванец, але вучань Хрыста, які навучыўся абараняць зусім іншую зямлю. Ён бароніць уласны спакой, бароніць адносіны з Богам і Яго дары, захоўваючы міласэрнасць, братэрства, давер і надзею», — падкрэсліў Папа.

Па словах Пантыфіка, проціпастаўленнем лагоднасці з’яўляецца гнеў. «Хвіліна гневу можа знішчыць вельмі шмат; мы губляем кантроль і не ўлічваем таго, што па-сапраўднаму каштоўнае, можам знішчыць адносіны з братам, часам непапраўна. Па прычыне гневу многія браты больш не размаўляюць, аддаляюцца адно ад аднаго. Гнеў адваротны лагоднасці. Лагоднасць яднае, а гнеў раздзяляе», — дадаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што лагоднасць дае магчымасць здабыць вельмі шмат: сэрца бліжняга, захаваць сяброўства і многае іншае, бо людзі спачатку раздражняюцца, а потым супакойваюцца, пераасэнсоўваюць, і можна зноў адбудоўваць адносіны.

«“Зямля”, якую трэба здабываць з дапамогай лагоднасці, — гэта збаўленне таго брата, пра якога кажа тое ж Евангелле св. Мацвея: “Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата” (Мц 18, 15).

Не існуе больш цудоўнай зямлі, чым сэрца іншага; немагчыма здабыць больш прыгожай тэрыторыі, чым адноўлены мір з братам.

Вось зямля, якую можна атрымаць у спадчыну дзякуючы лагоднасці», — падсумаваў сваю катэхезу Святы Айцец.

Абноўлена 20.02.2020 17:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.