Праз пяць гадоў Каталіцкі Касцёл будзе перажываць Святы Юбілейны Год. Пра гэта паведаміў Папа Францішак 4 лютага ў пасланні, прысвечаным 150-годдзю перанясення сталіцы Італіі ў Рым.
«Рым можа і павінен абнавіць сябе ў падвойным сэнсе: застаючыся адкрытым для свету і інклюзіўным для ўсіх. Гэта стымулююць таксама Юбілеі, і 2025 год ужо не далёкі», — напісаў Пантыфік, чые словы прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Папа дадаў, што за апошнія 150 гадоў сталіца Італіі моцна змянілася, з аднастайнага асяроддзя ператварыўшыся ў шматнацыянальную супольнасць, дзе разам з каталіцтвам ужываюцца іншыя рэлігіі і нерэлігійныя светапогляды.
Адзначаючы, што Касцёл заўсёды падзяляў радасць і нягоды рымлян, Святы Айцец нагадаў пра тры асаблівыя моманты багатай агульнай гісторыі сталіцы.
Па-першае, гэта нацысцкая акупацыя і «жахлівае паляванне» на габрэяў у 1943 г. Тады Касцёл стаў «сховішчам для пераследаваных». З гэтых складаных часоў можна атрымаць урок братэрства паміж католікамі і габрэйскай супольнасцю. Касцёл у Рыме ўяўляе сабой «рэсурс чалавечнасці», і католікі закліканы з натхненнем і адказнасцю ўдзельнічаць у жыцці сталіцы.
Другі момант, па словах Папы, адносіцца да Другога Ватыканскага Сабору. З 1962 па 1965 гг. Рым стаў для свету ўніверсальным горадам экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу і прымірэння.
Трэці момант, які ўзгадаў Святы Айцец, — гэта так званая канферэнцыя, прысвечаная бедствам Рыма, арганізаваная ў 1974 г. тагачасным кардыналам-вікарыем Уго Палеці. На гэтай сустрэчы ўвага была звернута на бедных і на жыхароў сталічных прыгарадаў, якія і па сённяшні дзень перажываюць пакуты і глыбокую адзіноту.
Аднак варта пазбягаць песімістычнага погляду, падкрэсліў у пасланні Папа Францішак, таму што «Рым — гэта вялікі рэсурс для чалавецтва».
Рым «настолькі будзе спрыяць адзінству і міру ва ўсім свеце, наколькі зможа стаць горадам братэрства», перакананы Пантыфік.