23 студзеня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Анджэло Бэчу, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і дазволіў абнародаваць дэкрэты па кананізацыйных і беатыфікацыйных справах.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першыя два дакументы датычацца прызнання мучаніцтва іспанскіх капуцынаў а. Бэнэдыкта з Санта-Калома-дэ-Граменэт і двух яго паплечнікаў, забітых з нянавісці да веры падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі паміж 24 ліпеня і 6 жніўня 1936 г.; а. Хасэ Марыі Гран Сырэры і яго паплечнікаў, двух святароў з Кангрэгацыі Місіянераў Найсвяцейшага Сэрца Езуса, і сямі свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў Гватэмале паміж 1980 і 1991 гадамі.
Папа ўхваліў таксама публікацыю дэкрэтаў аб прызнанні гераічнасці цнотаў: італьянскага біскупа Джавані Тавэлі з Тасіньяны з Кангрэгацыі Езуатаў бл. Гераніма, пастыра дыяцэзіі Ферара (1386-1446); іспанскага святара кс. Хаакіна Масміта-і-Пуйга, катэдральнага каноніка ў Жыроне, заснавальніка Кангрэгацыі Місіянерак Сэрца Марыі (1808-1886); мексіканскага святара кс. Хасэ Антоніо Планкартэ-і-Лабастыда, заснавальніка манаскага інстытута Сясцёр Беззаганнай Марыі Гвадэлупскай (1840-1898); іспанскага святара кс. Хасэ Піо Гуручага Кастуар’енсэ, заснавальніка Кангрэгацыі Парафіяльных Дапаможніц Хрыста Святара (1881-1967); французскага капуцына а. Антуана Мары з Лавора (1825-1907); бразільскай кармэліткі сястры Марыі ад Гары Кармэль Найсвяцейшай Тройцы (1898-1966).
Даты кананізацый і беатыфікацый будуць абвешчаны пасля бліжэйшага кардынальскага кансісторыя.