Пошук

24.01.2020 20:28   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: cruxnow.com

24 студзеня, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, па традыцыі было абнародавана Пасланне Папы Францішка на 54-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, які адзначаецца ў Касцёле ў нядзелю пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана і сёлета прыпадае на 24 мая.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, загалоўкам дакумента сталі словы з кнігі Зыходу: «І каб ты распавядаў… (пар. Зых 10, 2). Жыццё становіцца гісторыяй». Яны нагадваюць пра наказ, які Майсей атрымаў ад Бога: распавядаць пра цуды, што Пан учыніў для ізраэльскага народа, каб яны захаваліся ў памяці людзей.

«Я хачу прысвяціць сёлетняе Пасланне тэме апавядання, бо веру, што, каб не заблукаць, нам трэба дыхаць праўдай добрых гісторый: гісторый, якія будуюць, а не разбураюць; гісторый, якія дапамагаюць адшукаць карані і моц, каб рухацца наперад», — патлумачыў Пантыфік ва ўступнай частцы дакумента.

Папа падкрэсліў, што чалавек — апавядальнік па сваёй сутнасці: знаходзячыся ў пастаянным працэсе станаўлення, ён выяўляе і ўзбагачае сябе праз сюжэты сваёй штодзённасці. Аднак з самага пачатку наш аповед знаходзіцца пад пагрозай гісторый, якія «ўсыпляюць, пераконваючы ў тым, што нам, каб быць шчаслівымі, трэба пастаянна мець, валодаць, спажываць». І мы з цяжкасцю ўсведамляем, наколькі «прагнымі да пустаслоўя і пляткарства становімся», колькі «жорсткасці і хлусні спажываем».

«Складаючы разам неправераную інфармацыю, паўтараючы банальныя і хлусліва пераканаўчыя рэчы, паражаючы заклікамі нянавісці, мы не тчэм чалавечую гісторыю, а толькі пазбаўляем чалавека годнасці», — напісаў Папа.

Пры гэтым, аднак, ён запэўніў, што гісторыі, якія ўжываюцца для маніпулявання і ў інтарэсах улады, «маюць кароткае жыццё»; добрая ж гісторыя «здольная пераходзіць межы часу і прасторы».

А каб працягваць ткаць яе сёння, «у эпоху ўсё больш дасканалых фальсіфікацый», нам патрэбныя: мудрасць, «каб ствараць і прымаць добрыя, праўдзівыя гісторыі»; мужнасць, «каб адхіляць ілжывыя і злыя»; цярплівасць і разважлівасць, «каб адрозніць гісторыі, якія дапамогуць нам не згубіць кірунак сярод мноства сучасных падзелаў».

Святое Пісанне — гэта, по словах Папы Францішка, «Гісторыя гісторый, што з самага пачатку паказвае нам Бога, які ёсць адначасова Стварыцелем і Апавядальнікам». Прамаўляючы Словы, Ён кліча да жыцця рэчы і стварае чалавека «як свайго вольнага суразмоўцу, сустваральніка гісторыі».

«Жыццё дадзена нам як запрашэнне працягваць ткаць тое „цудоўнае стварэнне“ (пар. Пс 139 (138), 14), якім мы з’яўляемся», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён выказаў перакананне, што «не існуе нязначных або малых чалавечых гісторый. З таго часу, як Бог стаўся гісторыяй, кожная чалавечая гісторыя — гэта, у пэўным сэнсе, гісторыя Боская», а праз дзеянне Духа Святога любая гісторыя, «нават самая забытая, запісаная, здавалася б, на найбольш скрыўленых радках, можа стаць натхнёнай, адрадзіцца як шэдэўр, зрабіцца працягам Евангелля».

«У гісторыі кожнага чалавека Айцец бачыць гісторыю свайго Сына, які сышоў на зямлю. Кожная чалавечая гісторыя мае бясконцую годнасць. Таму чалавецтва годнае аповедаў, якія б адпавядалі яго велічы, той ашаламляльнай і чароўнай велічы, да якой яе ўзняў Езус», — напісаў Святы Айцец.

Ён запэўніў, што апавядаць сваю гісторыю Богу ніколі не бывае марным заняткам, бо «нават калі храналогія падзей застаецца нязменнай, змяняюцца сэнс і перспектыва».

«Расказваць пра сябе Пану — значыць уваходзіць у Яго позірк міласэрнай любові да нас і да іншых людзей. Яму мы можам расказваць гісторыі, якія пражываем, прыводзіць людзей, даручаць сітуацыі. З Ім можам пачаць нанава ткаць жыццё, зашываючы дзіры і разрывы», — зазначыў Святы Айцец.

Папа Францішак заахвоціў вернікаў, даручыўшы сябе Найсвяцейшай Дзеве Марыі — Той, «якая здолела распутаць вузлы жыцця лагоднай моцай любові», — захоўваць памяць пра тое, хто мы ў вачах Бога, сведчыць аб тым, што Дух Святы ўпісвае ў нашыя сэрцы, і адкрываць кожнаму чалавеку, што яго гісторыя ўтрымлівае надзвычайныя цуды.

Сваё Пасланне Пантыфік завяршыў адмысловым малітоўным зваротам да Божай Маці.

Абноўлена 26.01.2020 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця