6 студзеня пасля малітвы «Анёл Панскі» Папа Францішак скіраваў свае віншаванні вернікам, якія адзначаюць Нараджэнне Хрыстова па Юліянскім календары.
Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Звяртаюся з асаблівай думкай да братоў Усходніх Цэркваў, каталіцкіх і праваслаўных, многія з якіх заўтра будуць адзначаць Нараджэнне Хрыстова. Ім і іх супольнасцям жадаем святла і міру Хрыста Збаўцы», — сказаў Пантыфік.
У свеце засталося ўсяго некалькі Цэркваў, якія выкарыстоўваюць Юліянскі каляндар. У асноўным гэта праваслаўныя супольнасці. Хоць, напрыклад, старога стылю прытрымліваецца таксама Украінская Грэка-Каталіцкая Царква.
Таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ад імя мясцовай супольнасці Касцёла павіншаваў нашых праваслаўных суайчыннікаў з Нараджэннем Хрыстовым.