Пошук

07.01.2020 00:00   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: pravminsk.by

Хрыстус нарадзіўся — Бог уцелавіўся!

Дарагія праваслаўныя браты і сёстры!

Гэтым калядным воклічам ад імя Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне сардэчна віншую вас з радаснай і збаўчай урачыстасцю Нараджэння Хрыстова.

Сёння позіркі хрысціянаў розных дэнамінацый скіраваныя да Бэтлеема, бо ўсе мы вызнаем адзіную праўду Богаўцелаўлення.

Бог стаўся чалавекам дзеля нас і нашага збаўлення. Гэта не што іншае, як праява Яго бязмежнай любові да чалавека. Святы Ян Евангеліст і Багаслоў вучыць, што Бог ёсць любоў. Гэта самыя значныя словы Святога Пісання, якія кажуць пра тое, што спрадвечная Божая любоў не абыякавая да нас.

Цуд Богаўцелаўлення, які адбыўся 2000 гадоў таму, сёння паўтараецца ў служэнні Царквы, асабліва ў Эўхарыстыі, калі алтар становіцца новым Бэтлеемам. Дзякуючы гэтаму Хрыстус нараджаецца ў нашых сэрцах. Усё гэта кажа пра тое, што, нягледзячы на цяжкасці жыцця, Божая любоў не пакідае нас. Яна глыбейшая за нашыя зменлівыя пачуцці. Яна ведае нашыя слабасці і тугу па святасці.

Умілаваныя ў нованароджаным Збаўцы праваслаўныя браты і сёстры!

Хрыстус прыходзіць. Адкрыем дзверы нашых сэрцаў, дазволім Яму ўвайсці ў іх, каб асвятліць іх святлом Бэтлеемскай зоркі, каб аднавіцца духам і апрануцца ў новага чалавека, створанага на вобраз і падабенства Бога.

Сучасны свет мае патрэбу ў новых праведніках, героях веры, любові і хрысціянскага сведчання. Нездарма святы Ян Апостал і Багаслоў кажа, што той, хто трывае ў любові, трывае ў Богу, а Бог у ім.

Няхай народжанае ў Бэтлееме Божае Дзіця адорыць вас сваім супакоем і ласкаю. Няхай Ён спадарожнічае вам у час Калядаў і ва ўсе дні Новага, 2020 года.

З малітваю ў народжаным Пану

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Тэкст віншавання на рускай мове ТУТ>>>

Абноўлена 07.01.2020 08:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця