Па распараджэнні Святога Айца Папская біблійная камісія апублікавала дакумент «Хто ёсць чалавек?», у якім выкладзена біблійнае антрапалагічнае вучэнне ад Кнігі Быцця да Апакаліпсісу.
Пасля публікацыі з'явіліся каментары некаторых СМІ, якія сцвярджаюць, што гэты дакумент адкрывае шлях разводам і гомасексуальным саюзам. Ці так гэта на самой справе? У інтэрв'ю Vatican News на гэтае пытанне адказаў сакратар Кангрэгацыі веравучэння арцыбіскуп Джакомо Марандзі, абвергнуўшы такія сцвярджэнні.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, некаторыя каментатары палічылі сенсацыйным сцвярджэнне пра магчымасць расставання сужэнцаў, хаця такая магчымасць заўсёды была прадугледжана Касцёлам. Што гаворыцца ў новым дакуменце на гэтую тэму?
«Вучэнне Касцёла, выражанае ў Кодэксе кананічнага права, ужо дапускае ў некаторых выпадках права спыніць сумеснае пражыванне сужэнцаў, якія сапраўдным чынам знаходзяцца ў шлюбе.
Але гэты факт ніколі не азначаў якогасьці ўзаконьвання разводу, хаця б таму, што сапраўды здзейснены сакрамэнт сужэнства застаецца такім і ніколі нікім не можа быць ануляваны.
Інакш адбываецца з гіпотэзай, згодна з якой шлюб прызнаецца несапраўдным з самага пачатку: гэта той выпадак, які разглядаецца ў працэсах аб прызнанні шлюбу несапраўдным. Разам з тым часам узнікаюць сітуацыі, у якіх сумеснае пражыванне сужэнцаў становіцца практычна немагчымым па розных прычынах. Менавіта для такіх выпадкаў Касцёл дапускае фізічнае расставанне сужэнцаў і спыненне сумеснага пражывання.
Пры гэтым сужэнцы, сапраўдным чынам з'яднаныя ў сакрамэнце сужэнства, не перастаюць быць мужам і жонкай перад Богам, і таму яны не свабодныя для заключэння новага саюзу. Хрысціянская супольнасць паклікана праяўляць блізкасць у дачыненні да такіх людзей і дапамагаць ім па-хрысціянску перажыць гэтую сітуацыю, пра што аўтарытэтна нагадвае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў параграфе 1649.
Дакумент Папскай біблійнай камісіі ў дакладнасці ідзе гэтым шляхам і, безумоўна, не «адкрывае шлях» разводу, як некаторыя лічаць або хацелі б лічыць з-за скажонага ўспрымання або падмены паняццяў».
Што датычыць параграфаў на тэму гомасексуальнасці, якія прыцягнулі ўвагу каментатараў: ці на самой справе ў дакуменце Папскай біблійнай камісіі гаворка ідзе пра «адкрытасць» адносна гомасексуальных параў?
«На самой справе ў 185-м параграфе дакуменце сцвярджаецца літаральна наступнае: «Інстытут шлюбу, заснаваны на стабільных адносінах паміж мужам і жонкай, ва ўсёй біблійнай традыцыі нязменна прадстаўлены як відавочны і нарматыўны. У ёй адсутнічаюць якіясьці прыклады законна прызнаных «саюзаў» паміж людзьмі аднаго полу».
Такім чынам, няма ніякай «адкрытасці» адносна саюзаў паміж людзьмі аднаго полу, як некаторыя памылкова гэта ўяўляюць.