Пошук

27.11.2019 10:00   Паводле: Vatican News / Фота: presepediscurelle.it / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by

У Ватыкан ужо дастаўлена елка, якая на святы Божага Нараджэння аздобіць плошчу Святога Пятра. 26-метровую лясную прыгажуню прывезлі з поўначы Італіі, з ваколіц горада Трэнта — старажытнага Трыдэнта.

Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, таксама і батлейку перад галоўнай базылікай каталіцкага свету зробяць у традыцыйнай манеры спецыялісты з таго самага рэгіёну.

Святло на ватыканскай елцы запаліцца ў чацвер 5 снежня, а таксама адбудзецца адкрыццё батлейкі.

Яе змайструюць прадстаўнікі невялікай горнай супольнасці са Скурэлле, якая налічвае каля 1 тысячы 400 жыхароў. Такая ідэя з’явілася ў іх ужо больш за 20 гадоў таму. Камітэт пад назваю «Сябры батлейкі і аднаўлення мясцовых традыцый Скурэлле» заклікаў да супрацоўніцтва ўсіх жыхароў з наваколля.

Многія людзі ахвяравалі на гэтую справу сямейныя рэліквіі, звязаныя з жыццём і працаю сваіх продкаў. Яны зрабілі адзенне для фігур персанажаў і пабудавалі званіцу.

Самі фігуры цалкам выкананы з дрэва ў чалавечы рост. Выразныя рысы твараў — плён працы разьбяра Фэлікса Дэфларыяна і ягоных дзяцей Тыцыяна і Марыі Розы, якія працуюць разам з ім.

Сярод фігур можна ўбачыць тыповых для рэгіёну Трэнта персанажаў: вандроўнага кніганошу, які прадаваў кнігі і рэлігійную прэсу, маладую сыраварку з традыцыйнымі прыладамі для біцця масла, а таксама жанчыну, якая прадзе воўну.

Раскіданае і паламанае галлё і карчы нагадваюць пра тое, што летась рэгіён моцна пацярпеў ад бураў.

Елку і батлейку можна будзе ўбачыць на ватыканскай плошчы Святога Пятра да канца перыяду Божага Нараджэння, які завершыцца ў свята Хросту Пана 12 студзеня.

Абноўлена 27.11.2019 10:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.