17 лістапада, у нядзелю перад урачыстасцю Хрыста Валадара Сусвету, у Касцёле адзначаўся Сусветны дзень бедных, у межах якога Святы Айцец памаліўся і паабедаў разам з беднымі і тымі, хто ім дапамагае.
У апублікаваным раней спецыяльным пасланні на Трэці сусветны дзень бедных, дэвізам якога сталі словы «Надзея няшчасных ніколі іх не падмане», папа Францішак адзначыў:
«Бедныя — гэта не лічбы, дзякуючы якім мы можам пахваліцца добрымі справамі. Бедныя — гэта людзі, якім трэба выйсці насустрач.
Гэта самотныя маладыя і пажылыя людзі, якіх трэба запрасіць у дом, каб падзяліцца ежаю. Гэта жанчыны, мужчыны і дзеці, якія чакаюць прыязнага слова. Бедныя нас збаўляюць, таму што дазваляюць нам сустрэць аблічча Хрыста».
Як паведаміла каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у межах Сусветнага дня бедных на ранішняй святой Імшы ў базыліцы святога Пятра папа Францішак памаліўся разам з беднымі, бяздомнымі і патрабуючымі, а таксама з валанцёрамі з розных арганізацый, якія аказваюць ім дапамогу.
Пасля Эўхарыстыі паўтары тысячы чалавек з усіх італьянскіх дыяцэзій былі запрошаныя ў залу Паўла VI на абед са Святым Айцом.
Папа Францішак назваў яго «абедам у коле сяброў», падзякаваў тым, хто прыняў яго запрашэнне, а таксама памаліўся аб благаслаўленні для сваіх гасцей і іх сем’яў. На абед падавалі традыцыйную італьянскую лазанью, курыцу ў грыбным соўсе з бульбай, дэсерт, садавіну і каву.