Пошук

05.11.2019 11:18   Паводле: Vatican News
Фота: asianews.it

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, Святы Айцец узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі ў рымскіх катакомбах Прысцылы — старажытным хрысціянскім месцы культу і некропалі Вечнага горада.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у прамоўленым Божым слове Пантыфік разважаў над 25-м раздзелам Евангелля паводле святога Мацвея. Ён адзначыў, што надзея хрысціянаў замацавана на нябёсах, а іх тоеснасць — гэта евангельскія благаслаўленні.

Увага Святога Айца ў гаміліі была засяроджана на трох пунктах: тоеснасць, месца, надзея.

Папа падкрэсліў, што тоеснасць хрысціянаў, якія ў першыя стагоддзі збіраліся ў катакомбах, і тых, каго пераследуюць сёння у краінах, дзе вызнаванне веры лічыцца злачынствам, аднолькавая.

Пантыфік запрасіў задумацца над месцам хрысціяніна ў свеце, таксама і ў тых краінах, дзе Касцёл пераследуюць.

«Месца хрысціяніна ўсюды. У нас няма прывілеяванага месца ў жыцці. Некаторыя хацелі б яго мець. Гэта „кваліфікаваныя“ хрысціяне, але ім пагражае страта хрысціянства. <…>

Месца хрысціяніна — у руках Бога. <…> Месца хрысціяніна — у заступніцтве Езуса перад Айцом. Мы ў бяспецы ў руках Бога.

<…> Таксама наша тоеснасць кажа нам, што мы будзем благаслаўлёныя, калі нас будуць пераследаваць», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што хрысціяне, якія жывуць у руках Бога, — гэта людзі надзеі.

«Наша надзея знаходзіцца на нябёсах; яна замацавана там, і мы з вяроўкай у руках спрабуем перабрацца на другі бераг», — такім параўнаннем завяршыў папа Францішак сваё разважанне ў катакомбах.

Катакомбы Прысцылы — адно з найстарэйшых месцаў хрысціянскіх пахаванняў у Рыме, што датуюцца II–IV стагоддзямі. Яны ўзніклі на месцы пахавання сям’і рымскага консула Акілія Глабрыя.

Выява Маці Божай у катакомбах Прысцылы. Фота: aboutartonline.com
Адна з прадстаўніцаў роду Прысцыла была пакараная смерцю па загадзе пераследніка хрысціянаў імператара Даміцыяна. У катакомбах былі пахаваныя сем папаў, у тым ліку святы Сільвестр І, і шмат хрысціянскіх мучанікаў.

У адной з капліц катакомбаў захаваліся выявы, якія з’яўляюцца ўзорамі раннехрысціянскага сакральнага мастацтва. Сярод іх — найстаражытнейшы абраз Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам, намаляваны ў ІІ стагоддзі.

Вярнуўшыся ў Ватыкан, Святы Айцец маліўся ў сутарэннях базылікі святога Пятра, дзе пахаваныя яго папярэднікі.

Абноўлена 05.11.2019 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа