Пошук

08.11.2019 14:36   Тэкст і фота: Яна Чайко / Grodnensis.by

Падчас актавы малітваў за памерлых міністранты парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) наведалі старыя Слабадскія могілкі, каб памаліцца за пахаваных тут ксяндзоў, растраляных нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, разам са сваім душпастырам кс. Станіславам Краўчанкам хлопцы прыгадалі гісторыю смерці святароў лідскай зямлі, а потым памаліліся на ружанцы, дзякуючы Богу за іх адвагу і просячы аб дары адвагі для сябе.

Да малітвы далучаліся людзі, якія прыйшлі на могілкі наведаць магілы сваіх родных. Потым міністранты запалілі знічы на знак таго, што памяць пра палеглых святароў-мучанікаў жыве ў сэрцах іх духоўных нашчадкаў.

Пасля малітвы хлопцы сабраліся ў парафіяльнай зале. За гарбатай і пачастункам яны разважалі аб пакліканні да святарства.

10 сакавіка 1943 г. дзевяць святароў былі вывезены з лідскай вязніцы ў сасновы лес за пяхотнымі казармамі, дзе іх расстралялі, а целы скінулі ў загадзя выкапаную яму.

30 кастрычніка 1960 года парэшткі дзевяці забітых святароў былі перавезены на парафіяльныя могілкі на Слабадзе. У агульнай магіле спачываюць Вінцэнт Лабан (лідскі пробашч, 45 гадоў), Люцыян Mрачкоўскі (лідскі вікарый, 34 гады), Стэфан Снягоўскі (вікарый лідскай Фары, 29 гадоў), Аляксандр Aўгустыновіч (пробашч з Нецечы, 53 гады), Стэфан Дабравольскі (пробашч з Беліцы, 44 гады), Альфонс Бароўскі (пробашч з Ляцка, 51 год), Францішак Цыбульскі (пробашч з Трабаў, 58 гадоў), Юрый Ажароўскі (пробашч з Ліпнішак, 31 год), Вінцэнт Страснеўскі (пробашч з Юрацішак, 34 гады).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця