Пошук

07.11.2019 08:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У сераду 6 лістапада ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі з удзелам канонікаў катэдральнага капітулу адбылася святая Імша ў інтэнцыі памерлых біскупаў і святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юрый Касабуцкі.

Традыцыйна ў актаву ўспаміну Усіх памерлых вернікаў канонікі Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу збіраюцца на супольную Эўхарыстыю, якую цэлебруюць за сваіх спачылых братоў у святарстве. У той самы дзень у Бялынічах святары Магілёўшчыны разам з Біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB маліліся за памерлае духавенства Магілёўскага рэгіёну.

Памяць у малітве пра тых, хто без рэшты прысвяціў сваё жыццё служэнню ў святарстве братам і сёстрам, дапамагае сённяшнім прэзбітэрам і біскупам адчуваць духоўную еднасць з тымі, хто сеяў і рупліва ўзрошчваў зерне Божага слова на нашай зямлі ў мінулыя часы, асабліва ў цяжкія гады пераследу веры.

Гэта таксама абавязак удзячнасці, таму што сённяшнія працаўнікі на Божай ніве карыстаюцца плёнам працы тых, хто ўжо адышоў па вечную ўзнагароду да Пана.

Ксяндзы канонікі разам з біскупам атулілі спачылых сабратоў сваёю малітваю; шмат шчырых і цёплых словаў прысвяціў ім у прамоўленай гаміліі ксёндз Аляксей Раманчук, пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве.

У Божым слове ксёндз канонік распавёў пра тое, з якою ўдзячнасцю памятаюць у сваіх малітвах жыхары Лагішына, дзе знаходзіцца Марыйны санктуарый Пінскай дыяцэзіі, свайго былога пробашча ксяндза Станіслава Рыжку.

Гэты святар адышоў да Пана ўжо 35 гадоў таму, аднак да сённяшняга дня ў Лагішыне існуе такая традыцыя: пасля кожнага пахавання на мясцовых могілках тыя, хто праводзіў у апошні шлях свайго памерлага блізкага, ідуць да магілы ксяндза і моляцца аб вечным жыцці для яго.

Такім чынам мясцовыя жыхары — і католікі, і праваслаўныя — да гэтага часу выражаюць сваю падзяку пастыру, які быў з імі ў цяжкія часы, калі ў людзей спрабавалі забраць тое, без чаго жыццё губляе сэнс — Бога і надзею.

У той час, калі святароў заставалася няшмат, толькі дзякуючы іхняй выключнай самаахвярнасці ўдалося захаваць веру, не пакінуць Божы народ без Божага слова і без сакрамэнтаў, накіроўваць людзей са шляху пагібелі на шлях збаўлення.

Пералічыўшы многіх з іх па імёнах, ксёндз Аляксей падкрэсліў асаблівы ўнёсак, які зрабіў у гэтую святую справу кардынал Казімір Свёнтэк, былы арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі.

«Кардынал Казімір Свёнтэк у сваёй асобе аб’яднаў рысы многіх святароў таго часу. Ён прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, зняволенне ў сталінскіх лагерах, запалохванне і пераслед, але не здрадзіў свайму пакліканню, не даў згаснуць святому агеньчыку веры на роднай зямлі», — адзначыў ксёндз Аляксей. Маючы на ўвазе неацэнныя заслугі гэтых святароў, канонік прывёў словы аднаго вядомага прапаведніка:

«Гэта няпраўда, што яны памерлі, а мы жывем. Яны працягваюць жыць, а мы паступова паміраем».

Абноўлена 07.11.2019 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.