Пошук

06.11.2019 17:43   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

6 лістапада ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Бялыніцкай у Бялынічах адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўшчыны. Удзельнікі памаліліся за спачылае духавенства Магілёўшчыны.

Супольная малітва духавенства і вернікаў за памерлых іерархаў, прэзбітэраў і кансэкраваных асобаў Магілёўшчыны стала ўжо важнай традыцыяй у магілёўскай частцы архідыяцэзіі.

Узначаліў малітву Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Пастырская сустрэча распачалася супольнай малітвай Літургіі гадзінаў за памерлых і прамовай духоўнага айца рэгіёну ксяндза каноніка Андрэя Далянскага. Галоўнай думкай прамовы быў заклік да духавенства не паддавацца спакусе стаць падобнымі да свецкіх людзей праз стыль свецкага жыцця.

Цэнтрам сустрэчы стала cвятая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Іерарх нагадаў асноўную інтэнцыю душпастырскай сустрэчы менавіта ў актаву малітвы за памерлых — «даверыць Божай Міласэрнасці спачылае духавенства Магілёўшчыны».

Падчас набажэнства былі зачытаны імёны і прозвішчы духоўных асобаў, якія служылі на гэтай зямлі.

У гаміліі біскуп падзяліўся разважаннем аб тым, «што можа дапамагчы нам не ператварыцца з духоўных асобаў у свецкіх, а таксама каб стыль нашага жыцця і дзейнасці быў напоўнены евангельскай, а не свецкай радасцю», — а менавіта аб неабходнасці пастаяннай фармацыі.

«Мы жывём у час, калі свабода (як бы яна ні разумелася) належыць да фундаментальных каштоўнасцяў. Таксама спрадвеку вядома, што тыя, хто вырашае ісці за Езусам па шляху евангельскіх парадаў, бяруць на сябе абавязацельства фарміравання, або, лепш сказаць, абавязацельства фарміравання сваёй свабоды для — агульна кажучы — Божых спраў», — сказаў іерарх.

«Нашым адказам на дар Божага паклікання з’яўляецца абавязацельства адпаведнай фармацыі, можна сказаць, штодзённай і пастаяннай, — дадаў біскуп. — Яна пачынаецца ў семінарыі для дыяцэзіяльных святароў, у пастулаце ці навіцыяце для кансэкраваных асобаў. У пэўным сэнсе яе вянчаюць вечныя манаскія абяцанні, а ў выпадку святароў — дзень пасвячэння. Але ж, уласна кажучы, яна не заканчваецца».

Іерарх падкрэсліў важнасць таго, «каб працэс фармацыі перайшоў у самафармацыю» і «каб мы, будучы адкрытымі для фармацыі (нават пры адсутнасці фармальных фарматараў), маглі заўсёды вучыцца ад жыцця».

Біскуп прыгадаў словы папы Бэнэдыкта XVI, скіраваныя да духавенства і кансэкраваных асобаў: «Перад абліччам шматлікіх заданняў [вы] павінны абавязкова забяспечыць трывалую фармацыю, асабліва для сваіх членаў. Касцёл вельмі патрабуе людзей з моцнай і глыбокай верай, з культурнай падрыхтоўкай, якія ідуць у нагу з часам, з натуральнай чалавечай чуласцю і моцным пастырскім пачуццём, (...) патрабуе духавенства і кансэкраваных асобаў, якія прысвецяць сваё жыццё, каб справіцца з гэтымі выклікамі».

«Няхай Дух Святы натхняе кожнага з нас да штодзённай, пастаяннай самафармацыі, дзякуючы якой мы не ператворымся з духоўных асобаў у свецкіх, а таксама каб стыль нашага жыцця і дзейнасці быў напоўнены евангельскай, а не свецкай радасцю», — пажадаў Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Абноўлена 07.11.2019 00:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця