13 кастрычніка падчас урачыстай Імшы, якую папа Францішак цэлебраваў на ватыканскай плошчы св. Пятра, пяць благаслаўлёных былі абвешчаны святымі.
Новыя святыя, як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, — гэта англійскі кардынал Джон Генры Ньюман, заснавальнік Араторыя св. Філіпа Нэры ў Англіі; Джузэпіна Ваніні, заснавальніца Кангрэгацыі дачок св. Каміла; Марыя Тэрэза Манкідзян, заснавальніца Кангрэгацыі сясцёр Святой Сям’і; Дульчэ Лопэс Понтэс, законніца Кангрэгацыі сясцёр місіянерак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі; Маргарыта Байс з Трэцяга ордэну св. Францішка Асізскага.
Джон Генры Ньюман нарадзіўся ў Лондане ў 1801 г., у маладосці стаў пастарам у англіканскай супольнасці. Пасля глыбокіх разважанняў і малітваў ён прыйшоў да пераканання, што Касцёл Рыма з’яўляецца сапраўдным захавальнікам вучэння Езуса Хрыста, і перайшоў у каталіцкую веру. У 1847 г. ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і заснаваў у Англіі Араторый імя св. Філіпа Нэры, а ў 1879 г. папа Леў XIII надаў яму годнасць кардынала.
Джон Генры Ньюман памёр у Бірмінгеме 11 жніўня 1890 г., пакінуўшы пасля сябе багатую літаратурную спадчыну. 19 верасня 2010 г. папа Бэнэдыкт XVI беатыфікаваў яго.
Італьянская законніца Джузэпіна Ваніні (1859–1910 гг.) дастаткова позна рэалізавала сваё пакліканне да жыцця, прысвечанага Богу; у 1892 г. яна заснавала Кангрэгацыю дачок св. Каміла, якія і сёння клапоцяцца пра духоўнае і фізічнае здароўе хворых. Нягледзячы на першапачатковыя цяжкасці, за 20 гадоў супольнасці гэтых сясцёр распаўсюдзіліся па ўсім свеце.
Джузэпіна Ваніні правяла большую частку свайго дзяцінства ў сірочым прытулку недалёка ад плошчы святога Пятра, страціўшы бацьку ў чатыры гады і маці ў сем гадоў. Яна вырасла сярод сясцёр міласэрнасці, якія кіравалі прытулкам. У дзень сваёй Першай святой Камуніі юная Джузэпіна адчула, што паклікана да служэння Богу асаблівым чынам.
Гэтае жаданне не магло быць рэалізавана аж да 1892 года, калі ёй споўнілася 33 гады. Праходзячы навіцыят у супольнасці сясцёр міласэрнасці, яна не змагла яго скончыць з-за дрэннага здароўя. Нягледзячы на праблемы са здароўем, яна заснавала Кангрэгацыю дачок святога Каміла, чыёй харызмай з'яўляецца служэнне хворым, нават з рызыкай для ўласнага жыцця. Аднак яна не дажыла да таго моманту, калі кангрэгацыя была афіцыйна прызнана Ватыканам, і памерла ва ўзросце 51 года.
Сёння супольнасць дачок св. Каміла налічвае 800 сясцёр у 22 краінах. Бальніца Джузэпіны Ваніні ў Рыме названа ў гонар заснавальніцы кангрэгацыі.
Індыйская законніца-містык Марыя Тэрэза Манкідзян (1876–1929 гг.), якую называюць апосталам сям’і, на пачатку ХХ ст. заснавала Кангрэгацыю сясцёр Святой Сям’і, якая была афіцыйна зацверджана ў 1914 г. Яе малітоўнае жыццё характарызавалася частымі экстазамі, падчас якіх яна часам левітавала над зямлёй. У 1909 годзе сястра атрымала стыгматы, пасля чаго таксама пачала пакутаваць ад дэманічных нападаў.
Законніцы гэтай супольнасці спалучаюць малітоўнае кантэмпляцыйнае жыццё з дабрачыннасцю: клапоцяцца пра хворых і паміраючых, пра бедныя сем’і, займаюцца выхаваннем дзяўчынак у прытулках.
На працягу апошняга стагоддзя колькасць кляштараў кангрэгацыі павялічылася да 176 па ўсім свеце. У іх жыве і моліцца каля 1500 сясцёр.
Бразільская законніца Дульсе Лопес Понтэс (1914–1992 гг.) на працягу 50 гадоў клапацілася пра жабракоў, хворых і бяздомных; у 1959 г. заснавала арганізацыю дапамогі бедным і адрынутым, якая пасля стала называцца Дабрачынным фондам сястры Дульсе (OSID). Гэтая бразільская сястра, якая нарадзілася ў Сальвадор-дэ-Баія, двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію міру. Калі ёй было 16 гадоў, яна пачала запрашаць пажылых і патрабуючых людзей у свой дом. Праз два гады яна далучылася да сясцёр місіянерак Беззаганнага Зачацця Божай Маці. У 1959 годзе яна заснавала фонд дабрачынных прац сястры Дульсе, які вырас у найбуйнейшую дабрачынную арганізацыю ў Бразіліі, якая прапануе медыцынскія, сацыяльныя і адукацыйныя паслугі. Сёння фонд мае шпіталь у Баія і адукацыйны цэнтр Санта-Антоніо, які дае бясплатную адукацыю 800 дзецям, якія жывуць ва ўмовах крайняй галечы.
Сястра Дульсе памерла ў 1992 годзе пасля 30-гадовай хваробы.
Пасля таго, як яе цела было прызнана нятленным, яна была беатыфікавана ў 2011 г. і абрана адным з заступнікаў Сусветных дзён моладзі ў Кракаве як прыклад дабрачыннасці. Яна стала першай бразільскай святой.
Швейцарская свецкая верніца-містык Маргарыта Байс (1815–1879 гг.) належала да Трэцяга ордэну св. Францішка Асізскага, спалучала працу швачкі з глыбокім духоўным жыццём і служэннем у парафіі, навучала дзяцей катэхізісу, дапамагала ўбогім, наведвала хворых і паміраючых: свой асабісты шлях святасці яна бачыла не ў манастве, а ў свеце.
8 снежня 1854 года, калі папа Пій IX абвясціў догмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Маргарыта Байс атрымала аздараўленне ад раку і ў той жа дзень атрымала стыгматы, містычнае паходжанне якіх было пацверджана ўрачамі і Касцёлам.
Маргарыта памерла ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ва ўзросце 63 гадоў. Пасля яе смерці Ватыкан прызнаў цуд, які прыпісваецца яе заступніцтву, калі двухгадовае дзіця было цалкам выратавана пасля таго, як яго пераехаў трактар вагой 816 кг. Яна была беатыфікавана Янам Паўлам II у 1995 годзе.