З нядзелі 6 кастрычніка ў Ватыкане працуе Спецыяльная Асамблея Сіноду Біскупаў на тэму: «Амазонія — новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі».
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ужо ў першы дзень працы Сіноду Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне гаворка ішла пра ролю моладзі ў спрыянні інтэгральнай экалогіі, праблемы навакольнага асяроддзя ў рэгіёне і душпастырскія выклікі.
Сінадальныя Айцы звярнулі ўвагу на прыклад 16-гадовай шведскай актывісткі Грэты Тунберг, падкрэсліваючы важнасць унёску моладзі ў абарону навакольнага асяроддзя і сацыяльную дзейнасць.
Маладыя людзі прагнуць будаваць лепшы свет, больш чым іншыя ўсведамляюць патрэбу ва ўстанаўленні новых адносін з прыродай; яны чулыя да пакут планеты.
Акрамя таго, тэма аховы навакольнага асяроддзя мае экуменічны і міжрэлігійны аспект, заўважалі ўдзельнікі асамблеі.
Некаторыя выступоўцы звярталі ўвагу на тэрміновую патрэбу ў абароне грунтовых водаў Амазоніі ад хімічнага забруджвання ў выніку дзейнасці транснацыянальных карпарацый, каб карэнныя народы маглі надалей пражываць на гэтых тэрыторыях і захоўваць сваю культуру.
У сінадальнай зале шматразова згадваліся злоўжыванні з боку некаторых прамысловых прадпрыемстваў, дзейнасць якіх мае цяжкія наступствы для мясцовага насельніцтва. Біскупы падкрэслівалі, што інтэгральная экалогія патрабуе пошуку раўнавагі паміж чалавекам і прыродай.
Гаворка ішла пра недапушчальнасць паўтарэння каланізацыі, якая мела месца падчас місіянерскай дзейнасці ў мінулым, пра важнасць захавання культурнай тоеснасці Амазоніі. Кожная асобная культура робіць унёсак на карысць «каталіцкасці Касцёла».
Касцёл параўноўваўся са складанай экасістэмай, якая мае «цудоўную духоўную біяразнастайнасць» і выяўляецца ў розных супольнасцях, культурных выразах, формах кансэкраванага жыцця і служэння.
Удзельнікі асамблеі неаднаразова падкрэслівалі, што Касцёл, абапіраючыся на свой маральны і духоўны аўтарытэт, павінен садзейнічаць абароне жыцця ў Панамазонскім рэгіёне і выкрываць структуры смерці, якія пагражаюць людзям. Заўважалася, што міжнародная супольнасць, на жаль, застаецца абыякавай перад абліччам праліцця нявіннай крыві ў Амазоніі, таму Касцёл пакліканы стаць саюзнікам мясцовага насельніцтва, з пакораю слухаючы яго голас, паважаючы яго погляды на сусвет, імкнучыся зразумець сэнс мясцовых традыцый, вывучаючы мясцовыя звычаі і сімвалы.
Адзначалася патрэба ў «экалагічным навяртанні» і больш глыбокім асэнсаванні цяжару грахоў супраць навакольнага асяроддзя, якія з’яўляюцца грахамі супраць Бога, бліжняга і будучых пакаленняў.
Удзельнікі Сіноду выказвалі пажаданне, каб у тэалагічныя дапаможнікі было ўключана паглыбленае тлумачэнне «экалагічных грахоў». Адзначалася тэрміновая патрэба ў пераходзе ад тэхнакратычных адносінаў да спосабу дзеяння з клопатам пра навакольнае асяроддзе, што патрабуе змены стылю жыцця.
Падкрэслівалася, што падчас катэхізацыі і споведзі варта казаць пра «экалагічныя грахі».
Гаворка ішла таксама пра мадэлі развіцця, якія пагражаюць здароўю планеты. Адзначалася, што «дзікі капіталізм» правакуе з’яўленне вялікай колькасці бедных, а Бог аб’яўляецца таксама ў людзях, якія пакутуюць ці нават гінуць з прычыны эканамічнай эксплуатацыі.
Гаворка ішла пра небяспеку пашырэння культуры «безадказнасці», у якой людзі адчуваюць сябе простымі назіральнікамі за глабальнымі праблемамі; пра патрэбу ў «больш самарытанскім, больш прароцкім Касцёле»; пра больш актыўную дзейнасць свецкіх вернікаў; пра стварэнне новых форм служэння, якія будуць адпавядаць патрэбам насельніцтва Амазоніі, не выключаючы, у некаторых канкрэтных сітуацыях, магчымасці пасвячэння жанатых мужчын.