Пошук

09.10.2019 13:05   Паводле: Vatican News / Catholic.by

З нядзелі 6 кастрычніка ў Ватыкане ідзе праца Сіноду Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, на якім абмяркоўваюцца надзённыя праблемы жыцця мясцовага Касцёла.

Як паведамляюць беларуская і польская рэдакцыі парталу Vatican News, удзельнікі сіноду звярнулі асаблівую ўвагу на праблемы і абрады карэнных народаў Амазоніі, падкрэсліваючы, што Касцёл вітае ў іх тое, што не звязана з забабонамі.

Падкрэслівалася, што цэлебрацыя некаторых сакрамэнтаў у мясцовых супольнасцях праходзіць з выкарыстаннем элементаў традыцыйнай культуры. У сувязі з гэтым некаторыя выступоўцы прапаноўвалі ўвесці ў якасці эксперыменту і пасля глыбокага тэалагічнага, літургічнага і душпастырскага аналізу так званы «амазонскі каталіцкі абрад».

У некаторых дакладах закраналася пытанне так званых viri probati (выпрабаваных мужоў), з падкрэсліваннем яго актуальнасці для тых рэгіёнаў, дзе асабліва моцна адчуваецца недахоп святароў, каб гарантаваць рэгулярны ўдзел вернікаў у сакрамэнтах.

У сувязі з гэтым узнікла прапанова ўдзелення святарскага пасвячэння для жанатых мужчын, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці супольнасці Касцёла.

Яшчэ адна прапанова датычылася стварэння вандроўных евангелізацыйных груп, якія дзейнічаюць у пэўнай мясцовасці, куды заўсёды будзе ўваходзіць святар альбо сталы дыякан. Айцы Сіноду таксама прапанавалі  магчымасць адраджэння дыяканскага служэння жанчын, як у раннехрысціянскія часы, каб падкрэсліць важнасць іх пакліканне і ролі ў Касцёле.

Так, законніца-місіянерка, якая працуе сярод карэнных народаў Амазоніі, распавяла, што сёстры часта вымушаныя кампенсаваць недахоп святароў. Для законніц гэтага рэгіёну праводзіць хрышчэнне і быць асістэнтамі пры шлюбе (у адпаведнасці з прадпісаннямі кананічнага права, пар. Кан 1116) — звычайная справа.

Пры гэтым было адзначана, што дыскусія па гэтых пытаннях не павінна весці да пераасэнсаванне прыроды святарства і яго сувязі з цэлібатам, прадугледжаным лацінскім абрадам у Каталіцкім Касцёле.
Акрамя таго, удзельнікі сінадальных пасяджэнняў звярталі ўвагу на патрэбу душпастырства пакліканняў сярод карэнных народаў Амазоніі, каб спрыяць евангелізацыі ў самых аддаленых пунктах рэгіёну. Гэта неабходна, каб не ўзнікалі „католікі першага гатунку“, якія маюць магчымасць рэгулярна прымаць удзел у Эўхарыстыі, і „католікі другога гатунку“, якім наканавана жыць без Хлеба жыцця на працягу гадоў.

Абноўлена 10.10.2019 08:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа