Сустрэча з Хрыстом змяняе сэрца і робіць адкрытым для іншых, падкрэсліў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 кастрычніка прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, Святы Айцец гэтым разам засяродзіў увагу на навяртанні Саўла. Напачатку будучы Апостал апісваецца як чалавек, які ўхваляе забойства Стэфана і прагне «знішчыць Касцёл», але потым становіцца прыладай, выбранай Богам для абвяшчэння Евангелля народам.
«Са згоды першасвятара Саўл паляваў на хрысціянаў і кідаў іх у вязніцу, думаючы што такім чынам ён служыць Божаму закону.
Саўл жыў „пагрозамі і забойствамі вучняў Пана“: у ім быў подых смерці, а не жыцця», — заўважыў Папа.
«Малады Саўл прадстаўляецца як прынцыповы чалавек, які не праяўляе цярплівасці да тых, хто думае не так, як ён, які абсалютызуе сваю палітычную ці рэлігійную тоеснасць і лічыць іншага патэнцыйным ворагам, з якім трэба змагацца. Для Саўла рэлігія стала ідэалогіяй: ідэалогіяй рэлігійнай, ідэалогіяй грамадскай, ідэалогіяй палітычнай», — адзначыў Святы Айцец.
«Толькі ўжо пераменены Хрыстом, ён стане вучыць, што сапраўдная барацьба павінна весціся „не супраць крыві і цела, але супраць <…> гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці“ (Эф 6, 12).
Ён будзе вучыць таму, што трэба змагацца не з людзьмі, а са злом, якое пабуджае іх дзеянні», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Паводле Папы, раз’юшаны і канфліктны стан Саўла — гэта заклік да кожнага з нас, каб спытацца у сябе: «Як я жыву верай? Іду насустрач іншым ці супраць іх? Належу да паўсюднага Касцёла — з усімі людзьмі, добрымі і дрэннымі, — ці да селектыўнай ідэалогіі. Пакланяюся Богу ці дагматычным фармуліроўкам? Вера ў Бога, якую вызнаю, робіць мяне сяброўскім ці варожым у адносінах да тых, хто не такі, як я?» — прапанаваў задумацца Пантыфік.
Ён нагадаў, што Саўл быў цалкам гатовы выкараніць хрысціянскую супольнасць, але Пан ішоў за ім, каб дакрануцца да яго сэрца і змяніць яго. Менавіта так дзейнічае Бог.
«Уваскрослы ўзяў ініцыятыву і аб’явіўся Саўлу на дарозе ў Дамаск. Пра гэта ў кнізе Дзеяў Апосталаў распавядаецца аж тройчы. Праз біном „святло“ і „голас“, уласцівы тэафаніі, Уваскрослы аб’яўляецца Саўлу і пытаецца аб прычынах яго братазабойчага гневу: „Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне?“», — нагадаў Пантыфік.
«Тут Уваскрослы паказвае, што Ён — адно з тымі, хто верыць у Яго: пераследаваць члена Касцёла значыць пераследаваць самога Хрыста!» — сцвердзіў Папа.
Ён дадаў, што Саўл пачуў голас Езуса, які казаў: «Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць» (Дз 9,6).
«Калі падняўся з зямлі, ён больш нічога не бачыў, а з моцнага, уплывовага і незалежнага мужчыны, ператварыўся ў слабога, патрабуючага і залежнага ад іншых. Святло Хрыста асляпіла яго і зрабіла невідушчым: „Так стала відавочным і звонку тое, што было ў яго ўнутры: ягоная слепата ў адносінах да праўды, у адносінах да святла, якім ёсць Хрыстус“», — працытаваў папа Францішак словы свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI.
«З гэтай сустрэчы тварам у твар паміж Саўлам і Уваскрослым пачынаецца перамяненне, якое дэманструе „асабістую пасху“ Саўла, яго пераход ад смерці да жыцця: тое, што раней было хвалой, стала „смеццем“, якое трэба выкінуць, каб здабыць сапраўдны скарб, якім ёсць Хрыстус і жыццё ў Ім.
Хрост, такім чынам, становіцца для Саўла, як для кожнага з нас, пачаткам новага жыцця. Ён суправаджаецца новым позіркам на Бога, на сябе і на іншых людзей, якія з ворагаў ператвараюцца ў братоў у Хрысце», — падсумаваў папа Францішак.
Напрыканцы катэхезы Святы Айцец заклікаў маліцца, каб Пан дазволіў і нам, як Саўлу, сустрэцца з сілай Яго любові, адзінай, здольнай зрабіць з каменнага сэрца сэрца з плоці, якое прыме ў сябе думкі Езуса Хрыста.