Пошук

30.09.2019 13:40   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Гжэгажа Галонзкі / deon.pl

«Спеў і выкананне музыкі ў Касцёле — гэта адна з найпрыгажэйшых рэчаў, якія можна рабіць на хвалу Бога», — адзначыў Святы Айцец падчас сустрэчы з удзельнікамі Італьянскага музычнага таварыства святой Цэцыліі ў суботу, 28 верасня.

Як паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, напачатку папа Францішак падкрэсліў, што не кожная музыка прыдатная для Касцёла. Па словах Святога Айца, для касцёльнага спеву, які з’яўляецца інтэгральным элементам літургіі, асноўным узорам застаецца грыгарыянскі харал. Пётр нашага часу нагадаў наказы свайго папярэдніка святога Паўла VI, пад кіраўніцтвам якога ў Касцёле праходзіла літургічная рэформа. Папа, які завяршыў Другі Ватыканскі Сабор, жадаў, каб музыка была непарыўна звязаная з літургіяй і менавіта з яе чэрпала сваё галоўнае натхненне.

«Не абы якая музыка, а музыка святая, таму што святыя самі абрады. Музыка ўзнёслая, як гэта ўласціва мастацтву, бо Богу належыць найлепшае. Музыка агульнадаступная, каб усе маглі яе зразумець і ўдзельнічаць у цэлебрацыі. А перадусім музыка асаблівая, якая выразна адрозніваецца ад музыкі, прызначанай для іншых мэтаў.

Павел VI казаў: „Не ўсё мае вартасць, не ўсё годнае, не ўсё добрае“. Сакральнасць павінна спалучацца з прыгажосцю, якая аб’ядноўвае гармонію і пабожнасць», — зазначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа нагадаў, што Італьянскае таварыства святой Цэцыліі, якое займаецца развіццём і папулярызацыяй сакральнай музыкі ў Касцёле на Апенінах, клапоціцца пра тое, каб у кожнай парафіі быў свой хор. Гэта вельмі важна, таму што спевакі дапамагаюць спяваць усёй супольнасці вернікаў. Гэта таксама шлях евангелізацыі, які ахоплівае ўсе ўзросты, таму што літургія — гэта пачатковая школа катэхізісу, лічыць папа Францішак.

Святы Айцец таксама адзначыў унёсак тых, хто займаецца развіццём сакральнай музыкі, у місію Касцёла: «Дзякуючы вам людзі адчуваюць прыцягальную моц прыгажосці, што з’яўляецца цудоўным лекам ад абыякавасці; яны ўздымаюцца ўгору, да Бога, і яднаюць свае сэрцы ў праслаўленні і любові». Такім чынам, паводле Святога Айца, прыгажосць добрай касцёльнай музыкі набліжае людзей да Бога.

Абноўлена 30.09.2019 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа