10 верасня пасля завяршэння 31-га Апостальскага візіту ў краіны Паўднёва-Усходняй Афрыкі папа Францішак па традыцыі адказаў па пытанні журналістаў, якія суправаджалі яго на борце самалёта ў Рым.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец распавёў пра цудоўны жэст, убачаны ім падчас візіту ў краіны Афрыкі, на Філіпінах і ў Калумбіі: калі ён праязджаў на папамабілі да месца чарговай сустрэчы, людзі ўздоўж дарог падымалі сваіх дзяцей і радасна паказвалі іх яму, быццам хацелі сказаць, што гэта іх скарб, іх перамога, іх гонар. «Дзеці — гэта багацце бедных», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён адзначыў таксама радасць і веру соцень тысяч мадагаскарскіх пілігрымаў, якія пасля малітоўнага чування правялі ўсю ноч на зямлі — са сваімі дзецьмі, коўдрамі, заплечнікамі — у чаканні ранішняй Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Папа.
«Там былі бедныя людзі, яны нічога не елі ў той вечар, абы толькі застацца на месцах, але яны былі поўныя радасці»,
— сказаў ён.
У параўнанні з маладой Афрыкай Еўропа стала бясплоднай «бабуляй», заўважыў Папа, разважаючы над дэмаграфічным упадкам Старога кантынента. У корані гэтага феномену, па яго словах, знаходзіцца празмерная прывязанасць да дабрабыту і спакою, што прыводзіць да старэння.
Клапаціцца пра сем’і і моладзь павінна дзяржава, яна абавязана падтрымліваць іх у развіцці, адзначыў Пантыфік. Закранаючы пытанні міратворчасці, Папа падкрэсліў, што паўсюль на зямлі мір надзвычай крохкі, з ім належыць абыходзіцца, як з нованароджаным, «з вялікай пяшчотай» і велікадушным прабачэннем, пазбягаючы трыумфальнага стаўлення да дасягнутага. «Войны нічога не вырашаюць, але на іх зарабляюць тыя, хто не хоча міру для чалавецтва», — дадаў ён.
Адказваючы на пытанне мазамбікскага журналіста пра ксенафобію, якая распаўюджана ў яго краіне, Святы Айцец заўважыў, што гэта пытанне не толькі Афрыкі.
Ксенафобія — гэта «чалавечая хвароба, падобная да адзёру»; менавіта яна ў мінулым стагоддзі прывяла нацыянал-фашызм да прыняцця расісцкіх законаў.
У афрыканскіх краінах яна таксама ўзмацняецца «трайбалізмам», трагічныя наступствы якога азмрочылі гісторыю Руанды. «Часта ксенафобія распаўсюджваецца на хвалях палітычнага папулізму», і з ёю трэба змагацца, сказаў Папа.
Ён высока ацаніў міжрэлігійнае братэрства ў трох афрыканскіх краінах, якія наведаў. Вельмі важная павага да рэлігій, і любы празелітызм з боку Касцёла недапушчальны, звярнуў увагу Пантыфік. Па яго словах, першым крокам у абвяшчэнні Добрай Навіны з’яўляецца асабістае сведчанне, а галоўным евангелізатарам — Дух Святы.
Адказваючы на пытанне іспанскай журналісткі, Папа не выключыў магчымасці наведаць Іспанію, заявіўшы пры гэтым, што аддае перавагу «малым краінам».
Кажучы пра ролю сучасных СМІ, ён заўважыў, што прыярытэт павінен аддавацца «фактам», якія адрозніваюцца ад вольных інтэрпрэтацый; змяшанне гэтых двух аспектаў інфармацыі можа разбурыць першы з іх. Акрамя гэтага, камунікацыя павінна быць «чалавечай», значыць канструктыўнай, карыснай для іншых, і ніколі не станавіцца «інструментам вайны».
«Калі камунікацыя служыць разбурэнню? Калі абараняе бесчалавечныя праекты.
Узгадаем пра прапаганду дыктатур мінулага стагоддзя: гэтыя дыктатуры былі цудоўнымі камунікатарамі, але яны распальвалі войны, прыводзілі да расколаў і гібелі»,
— адзначыў Святы Айцец.
Адносна клопату пра навакольнае асяроддзе Пантыфік падкрэсліў, што «нам неабходна абараняць экалогію, біяразнастайнасць», нагадаўшы, што на тэрыторыі Ватыкана ўжо забаронены продаж аднаразовых вырабаў з пластыку і дзяржава імкнецца быць цалкам plastic free.
Папа адказаў на пытанне журналіста The New York Times адносна крытыкі яго пантыфікату з боку некаторых прадстаўнікоў Царквы ЗША, пра што нядаўна гаварылася ў кнізе, апублікаванай у Францыі. «Перш за ўсё, — сказаў ён, — крытычныя заўвагі заўсёды прыносяць карысць», аднак іх трэба падвяргаць аналізу на аб’ектыўнасць. «Крытыка зыходзіць не толькі ад амерыканцаў, яна гучыць пакрыху адусюль, нават з Рымскай Курыі. Прынамсі тыя, хто яе агучвае, маюць перавагу ў шчырых словах», — дадаў Святы Айцец.
Ён адзначыў, што ў Касцёле заўсёды ёсць «магчымасць расколу». «Я не баюся расколаў, я малюся, каб іх не было», таму што гаворка ідзе пра духоўнае збаўленне многіх людзей, падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Шлях расколу, па яго словах, не адпавядае хрысціянству, і тыя, хто да яго імкнецца, аддзяляюцца ад Божага народу і яго веры.
Пантыфік дадаў, што Касцёл знаходзіцца ў руху, і гэта пацвердзіў Другі Ватыканскі Сабор, «а не той ці іншы Папа».