Пошук

28.08.2019 16:48   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Daniel Ibanez / CNA

У ранах хворых і ў саміх хваробах заўсёды прысутны Езус, які заклікае нас клапаціцца пра такіх асоб, сказаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 28 жніўня ў Ватыкане.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, чарговую катэхезу, натхнёную зместам новазапаветнай кнігі Дзеяў Апосталаў, папа Францішак прысвяціў вобразу Касцёла як «палявога шпіталя», які павінен даваць прытулак хворым і слабым і, на ўзор Апосталаў, прысвячаць сябе клопату аб найбольш уразлівых асобах.

Пантыфік заўважыў, што касцёльная супольнасць, апісаная ў кнізе Дзеяў Апосталаў, жыве вялікім багаццем, якое пакінуў ім Пан, колькасна павялічваецца і перажывае ўздым, нягледзячы на знешнія атакі.

«Каб прадэманстраваць гэтую жыццяздольнасць, Лука <…> падкрэслівае знакі і цуды, якія суправаджаюць словы Апосталаў, і асаблівы догляд за хворымі, якім яны сябе прысвячаюць», — звярнуў увагу Пантыфік.

«У пятым раздзеле Дзеяў Апосталаў Касцёл, які зараджаецца, паказаны як „палявы шпіталь“, што прымае найбольш слабых, хворых людзей. Іх пакуты прыцягваюць Апосталаў, якія не маюць ні срэбра, ані золата (пар. Дз 3, 6) — так кажа Пётр кульгаваму ад нараджэння, –— але застаюцца моцнымі ў імя Езуса. У іх вачах, як і ў вачах хрысціянаў усіх часоў, хворыя з’яўляюцца прывілеяванымі атрымальнікамі радаснай весткі пра Валадарства; братамі, у якіх Езус прысутны асаблівым чынам, каб дазволіць усім нам шукаць і знаходзіць Яго (гл. Мц 25, 36. 40)», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Хворыя — прывілеяваныя асобы для Касцёла, для святарскага сэрца, для ўсіх вернікаў. Іх нельга адкідаць. Наадварот, трэба іх лячыць, даглядаць: яны з’яўляюцца аб’ектам хрысціянскага клопату», — сказаў папа Францішак.

Па словах Пантыфіка, сярод Апосталаў вылучаецца Пётр: гэта ён адкрывае шлях для керыгмы (абвяшчэння Добрай Навіны) у дзень Пяцідзясятніцы (гл. Дз 2, 14–41); ён бярэ на сябе слабасці і хваробы іншых людзей, як рабіў Езус, аднак пры гэтым дазваляе Іншаму праявіць сябе: каб Хрыстус быў жывым і дзейсным.

«Сведка — гэта той, хто аб’яўляе Хрыста, як словамі, так і сваёй фізічнай прысутнасцю, што дазваляе яму ўваходзіць у зносіны і быць працягам Слова, уцелаўлёнага ў гісторыі», — дадаў Папа.

«Пётр — гэта той, хто робіць справы Настаўніка (гл. Ян 14, 12): гледзячы на яго з верай, можна ўбачыць самога Хрыста. Напоўнены Духам свайго Пана, Пётр праходзіць і нават нічога не робіць, але яго цень становіцца „ласкай“, аздараўленнем, перадачай здароўя, праліццём пяшчоты Уваскрослага, які нахіляецца да хворых і вяртае жыццё, збаўленне, годнасць. Такім чынам Бог выяўляе сваю блізкасць і чыніць з ранаў сваіх дзяцей „тэалагічнае месца сваёй ласкавасці“», — сцвердзіў Пантыфік.

«У ранах хворых людзей, у хваробах, якія становяцца перашкодай, каб рухацца наперад па жыцці, заўсёды прысутны Езус, раны Езуса. Прысутны Езус, які заклікае кожнага з нас даглядаць за імі, падтрымліваць, лячыць», — падкрэсліў Святы Айцец.

Каментуючы змест Дзеяў Апосталаў, Папа заўважыў, што аздараўленчая дзейнасць Пятра выклікала нянавісць і зайздрасць сярод садукеяў, якія спачатку зняволілі Апосталаў, а потым, уражаныя іх таямнічым вызваленнем, забаранілі ім навучаць.

«Сэрца садукеяў было такім жорсткім, што яны не хацелі верыць у тое, што бачылі. Тады Пётр адказаў, прапанаваўшы ключ хрысціянскага жыцця: „Трэба слухацца Бога больш, чым людзей“ (пар. Дз 5, 29). <…> Гэта азначае слухаць Бога без агаворак, без адтэрміновак, без падлікаў; далучыцца да Яго, каб стаць здольнымі ўваходзіць у саюз з Ім і з кожным, каго сустракаем на сваім шляху», — адзначыў Пантыфік.

Ён заахвоціў вернікаў прасіць Духа Святога аб моцы, каб не баяцца тых, хто загадвае маўчаць, хто ўзводзіць на нас паклёп і нават робіць замахі на нашае жыццё.

«Давайце прасіць Яго аб духоўнай падтрымцы, заставацца ўпэўненымі ў любячай і суцяшальнай прысутнасці Пана побач з намі», — заклікаў папа Францішак.

Абноўлена 28.08.2019 18:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця