Пошук

30.07.2019 15:42   Паводле: Vatican News
Фота bbc.co.uk
Фота bbc.co.uk

Малітва «Ойча наш» — адзін з самых каштоўных дароў Пана, падкрэсліў папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 27 ліпеня ў Ватыкане.

«У сённяшнім евангельскім урыўку св. Лука распавядае пра абставіны, у якіх Езус навучыў малітве “Ойча наш”, — адзначыў Папа, поўны тэкст медытацыі якога прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. — Яго вучні ўжо ўмелі маліцца, паўтараючы формулы юдэйскай традыцыі, але прагнулі быць здольнымі да такой “якасці” малітвы, якую меў Езус, бо бачылі, што малітва — важнейшае вымярэнне жыцця іх Настаўніка. Сапраўды, Яго кожнае важнае дзеянне характарызавалася доўгімі перапынкамі на малітву.

Акрамя таго, іх прываблівала, што Ён маліўся не так, як іншыя тагачасныя настаўнікі. Яго малітва была блізкай сувяззю з Айцом, і яны таксама прагнулі ўдзельнічаць у такіх момантах яднання з Богам, каб цалкам адчуць іх слодыч».

«Такім чынам, аднойчы яны дачакаліся, пакуль Езус скончыў малітву ў адасобленым месцы, а потым папрасілі Яго: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11, 1). Адказваючы на выразную просьбу сваіх вучняў, Езус не стаў даваць ім абстрактнае акрэсленне малітвы і вучыць эфектыўнай тэхніцы, каб маліцца і “атрымаць” штосьці. Ён, аднак, запрасіў іх перажыць досвед малітвы, уводзячы іх у непасрэдную камунікацыю з Айцом, выклікаючы ў іх тугу па асабістых адносінах з Богам, з Айцом», — дадаў Папа.

«Менавіта ў гэтым заключаецца навізна хрысціянскай малітвы! Яна з’яўляецца дыялогам паміж асобамі, якія любяць адно аднаго, дыялогам, заснаваным на даверы, падтрыманым слуханнем і адкрытым на салідарную дзейнасць. Гэта дыялог Сына і Айца, дыялог паміж дзецьмі і Айцом. Гэта хрысціянская малітва.

Тут Ён перадае ім малітву “Ойча наш”, якая, магчыма, з’яўляецца адным з самых каштоўных дароў, які быў пакінуты нам Боскім Настаўнікам падчас Яго зямной місіі.

Пасля таго, як адкрыў нам сваю таямніцу Сына і брата, гэтай малітвай Езус дазваляе нам спасцігнуць бацькоўства Бога, і гэта я хачу падкрэсліць: калі Езус вучыць нас малітве “Ойча наш”, дазваляе спасцігнуць бацькоўства Бога і ўказвае нам, як увайсці ў малітоўны і непасрэдны дыялог з Ім, шляхам сыноўскага даверу. Гэта дыялог паміж бацькам і сынам, сынам і бацькам. Тое, аб чым просім у малітве “Ойча наш”, ужо цалкам рэалізавана і падорана нам у Адзінародным Сыне: асвячэнне Імя, надыход Валадарства, дар хлебу, прабачэнне і вызваленне ад зла», — сказаў Пантыфік.

«Калі просім, будзем трымаць адкрытымі далоні, каб прымаць, каб прымаць дары, якія Айцец нас паказаў у Сыне, — заахвоціў Папа. — Малітва, якой нас навучыў Пан, — гэта абагульненне кожнай малітвы, і мы скіроўваем яе да Айца заўсёды ў еднасці з братамі. Часам здараецца, што падчас малітвы нешта адцягвае нашу ўвагу, але часта мы адчуваем жаданне спыніцца на першым слове: “Ойча”, і адчуць гэта бацькоўства ў сэрцы».

«Потым Езус распавёў прыпавесць пра настойлівага сябра і сказаў: “Трэба быць настойлівымі ў малітве”. Мне прыходзіць на думку тое, што робяць дзеці, калі ім тры, тры з паловай гады, і пачынаюць задаваць пытанні пра тое, чаго не разумеюць. На маёй радзіме гэта называецца “ўзростам чамучак”, думаю, што тут таксама. Дзеці пачынаюць глядзець на бацьку і казаць: “Тата, чаму? Тата, чаму?” Просяць тлумачэння. Але будзем уважлівымі: калі бацька пачынае распавядаць, чаму, яны задаюць іншае пытанне, нават не даслухаўшы тлумачэння. Што тут здараецца? Здараецца тое, што дзеці адчуваюць сябе няўпэўненымі ў многіх рэчах, якія пачынаюць разумець напалову. Яны толькі прагнуць прыцягнуць позірк бацькі да сябе, таму пытаюцца: “Чаму, чаму, чаму?”

І калі мы ў малітве “Ойча наш” спынімся на першым слове — учынім тое самае, што рабілі, калі былі дзецьмі: прыцягвалі да сябе позірк бацькі.

Казаць: “Ойча, Ойча” — значыць таксама казаць: “Чаму?”, а Ён на нас будзе глядзець», — патлумачыў Пантыфік.

«Папросім Марыю, жанчыну ў малітве, дапамагчы нам маліцца да Айца ў еднасці з Езусам, каб жыць Евангеллем пад кіраўніцтвам Святога Духа», — заклікаў пастыр Паўсюднага Касцёла.

Пасля малітвы «Анёл Панскі» Папа прывітаў вернікаў і ўдзяліў благаслаўленне.

Абноўлена 31.07.2019 11:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця