Пошук

19.07.2019 17:54   Паводле: Vatican News
Фота acs-italia.org

З нагоды прэзентацыі дакладу аб пераследзе хрысціян 15 ліпеня ў базыліцы св. Барталамея на Тыбрскім востраве ў Рыме выступіў намеснік ватыканскага Сакратара па сувязях з дзяржавамі мансеньёр Антуан Камілеры.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, святар адзначыў, што «захаванне прысутнасці хрысціянскіх супольнасцяў — асабліва там, дзе яны не належаць да большасці, — выходзіць далёка за межы сімвалічнага пытання».

Гаворка ідзе «пра пераканаўчае сведчанне хрысціянскай веры і таго факту, што мірнае суіснаванне мноства рэлігій магчымае толькі пры павазе годнасці кожнага чалавека».

На фоне трывожнай карціны сучаснага свету, якую папа Францішак вызначыў як «свайго роду генацыд, выкліканы агульнай і калектыўнай абыякавасцю», хрысціянская прысутнасць «сістэматычна выцясняецца з грамадства і культуры, нават у тых раёнах, дзе яна мае свае вытокі», падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду.

«Дыскрымінацыя, насілле і пераслед любога чалавека, асабліва з-за яго рэлігійных перакананняў і светапогляду, маральна непрымальныя, — дадаў ён. — У апошнія гады мы сталі сведкамі нападаў на групы і на асобных людзей, у розных рэлігійных кантэкстах, з боку тэрарыстаў, экстрэмісцкіх груп і рэлігійных фанатыкаў, якія не маюць ніякай павагі да жыцця тых, хто спавядае іншую веру, прычым гэты феномен ахоплівае многія рэлігійныя супольнасці ва ўсім свеце».

Спасылаючыся на дэкларацыю, падпісаную ў Абу-Дабі папам Францішкам 4 лютага гэтага года, святар адзначыў рызыку «палітычнага маніпулявання рэлігіямі», якое датычыцца не толькі недзяржаўных суб’ектаў, такіх, як тэрарысты ці рэлігійныя экстрэмісты.

Таксама і ўрады, падкрэсліў манс. Камілеры, «павінны спытаць саміх сябе, у якой ступені яны з’яўляюцца прыхільнікамі абароны рэлігійнай свабоды і барацьбы з пераследам».

Бывае, па яго словах, што «з аднаго боку яны не апраўдваюць і асуджаюць гэтыя акты, з іншага ж — супрацоўнічаюць у палітычнай, эканамічнай, камерцыйнай, ваеннай або іншых сферах, папросту заплюшчваючы вочы на тых, хто так яўна парушае гэтую фундаментальную свабоду».

На жаль, дадаў святар, «большасць гэтых злачынстваў працягвае здзяйсняцца бяскарна, на фоне ганебнай збянтэжанасці з боку міжнароднай супольнасці, якая не ўдзяляе належнай увагі гэтай з’яве».

У гэтым сэнсе Святы Пасад бачыць у рэлігійным пераследзе «сур’ёзную праблему не толькі для пакутуючых хрысціян, але і для вернікаў любой рэлігіі».

Яшчэ адной формай рэлігійнай дыскрымінацыі, па словах манс. Камілеры, з’яўляецца растучая тэндэнцыя — нават у краінах з трывалай дэмакратыяй — «крыміналізаваць або караць рэлігійных лідэраў, калі тыя абвяшчаюць асноватворныя прынцыпы сваёй рэлігіі, асабліва ў сферах абароны жыцця, сужэнства і сям’і».

Рэлігійная свабода з’яўляецца не толькі культурным ці юрыдычным пытаннем: яна караніцца ў годнасці самога чалавека.

Рэлігія «можа служыць важным фактарам адзінства і міру ва ўлонні чалавечай сям’і пасродкам матываванага пошуку агульнага дабра, які павінен падмацоўвацца дыялогам».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа