Пошук

19.07.2019 12:13   Пераклад: Крыстына Бурак / Catholic.by
Фота catholicnews.org.uk

У разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» ў нядзелю 14 ліпеня ў Ватыкане папа Францішак засяродзіў увагу на евангельскай прыпавесці пра добрага самараніна (Лк 10, 25-37).

Святы Айцец нагадаў, што на пытанне кніжніка пра тое, што трэба, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае, Езус заклікае яго знайсці адказ у Святым Пісанні і кажа: «любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе» (Лк 10, 27) Аднак, дадаў Папа, было некалькі інтэрпрэтацый таго, каго разумець пад назвай «бліжні». Сапраўды, кніжнік зноў пытаецца: «А хто мой бліжні?» (Лк 10, 29).

На гэта, працягваў Пантыфік, Езус адказвае «выдатнай прыпавесцю», «адной з самых прыгожых прыпавесцяў Евангелля», якая «стала ўзорам таго, як павінен дзейнічаць хрысціянін».

«Галоўны герой аповеду — самаранін, які сустракае на шляху абрабаванага і пабітага разбойнікамі чалавека і клапоціцца пра яго. Мы ведаем, што юдэі з пагардай ставіліся да самаранаў, лічачы іх чужымі адносна абранага народа. Таму не выпадкова Езус выбраў самараніна як станоўчага персанажа. Такім чынам Ён хоча пераадолець прадузятасць, паказваючы, што нават іншаземец, нават той, хто не ведае сапраўднага Бога і не наведвае Яго святыню, здольны паводзіць сябе ў адпаведнасці з Яго воляй, жыве, спачуваючы брату ў нястачы і дапамагаючы яму ўсімі сродкамі», — адзначыў Святы Айцец.

«Па той жа дарозе самараніна ўжо прайшлі святар і левіт, людзі, якія ставяцца з глыбокай пашанай да Бога. Але, бачачы беднага на зямлі, яны пайшлі далей, не спыняючыся, верагодна, каб не апаганіць сваю кроў. Яны аддалі перавагу чалавечаму правілу — не апаганіць сябе крывёю, звязанаму з культам вялікай запаведзі Бога, які, тым не менш, хоча міласэрнасці», — дадаў Пантыфік.

«Езус, такім чынам, прапануе ў якасці мадэлі самараніна, менавіта таго, хто не меў веры! Мы таксама думаем пра тое, што так шмат людзей, якіх мы ведаем, можа быць, агностыкаў, якія робіць дабро. Езус выбірае ў якасці мадэлі таго, хто не быў чалавекам веры.

І гэты чалавек, які любіць брата як самога сябе, даказвае, што ён любіць Бога ўсім сэрцам і ўсімі сіламі — Бога, якога ён не ведаў! — і выяўляе ў той жа час сапраўдную рэлігійнасць і поўную чалавечнасць»,

— падкрэсліў Папа.

Пасля таго, як Езус распавёў гэтую прыпавесць, Ён зноў звярнуўся да кніжніка, які спытаў яго: «Хто мой бліжні?» — і Езус адказаў яму: «Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» (Лк 10, 36) «Такім чынам, Ён пераварочвае пытанне свайго суразмоўцы, а таксама адносна нашай логікі. Мы разумеем, што гэта не мы ў адпаведнасці з нашымі крытэрыямі вызначаем, хто бліжні, а хто не, але што ім з’яўляецца чалавек у сітуацыі патрэбы, які павінен прызнаць, хто з'яўляецца для яго бліжнім, гэта значыць "той, хто паступіў з ім міласэрна" Лк 10, 37)», — патлумачыў Святы Айцец.

«Быць здольным мець спачуванне: гэта ключ. Гэта наш ключ. Калі вы не адчуваеце спагады перад чалавекам, які знаходзіцца ў нястачы, калі гэта не кранае вашае сэрца, гэта азначае, што нешта не так, — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла. — Будзь асцярожны, будзь уважлівы. Мы не дазволім сабе жыць у эгаістычнай чэрствасці. Здольнасць да спагады стала выпрабавальным каменем хрысціянства, нават больш за тое — вучэннем Езуса. Сам Езус — спачуванне Айца да нас».

«Калі вы ідзяце па вуліцы і бачыце бяздомнага, які ляжыць там, і не глядзіце на яго ці думаеце: "Гэта з-за віна. Ён п'яны", — спытайце сябе, ці п'яны гэты чалавек, спытайце сябе, ці застыла вашае сэрца», — дадаў Папа. Па яго словах, «міласэрнасць да жыцця чалавека, які ў стане патрэбы, з'яўляецца сапраўдным тварам любові».

«Вось як вы становіцеся сапраўднымі вучнямі Езуса і праяўляеце твар Айца: "будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).

І Бог, наш Айцец, міласэрны, таму што ў Яго ёсць спачуванне; Ён здольны да спачування, здольны набліжацца да нашага болю, нашага граху, нашых заганаў, нашых пакутаў, — сказаў Пантыфік. — Дзева Марыя, дапамажы нам зразумець і, асабліва, жыць у непарыўная сувязі, якая існуе паміж любоўю да Бога, нашага Айца, і любоўю канкрэтнай і шчодрай да нашых братоў, і дай нам ласку мець спачуванне і расці ў спагадзе».

Абноўлена 19.07.2019 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця