Пошук

26.06.2019 15:00   Паводле: Vatican News
Фота: стоп-кадр трансляцыі агульнай аўдыенцыі папы Францішка з плошчы Святога Пятра / Vatican Media

Наследаваць еднасць першых хрысціянаў заклікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 чэрвеня прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтая катэхеза, прысвечаная Дзеям Апосталаў, стала апошняй перад перыядам летняга адпачынку.

Пантыфік заўважыў, што плёнам спаслання Святога Духа на першую хрысціянскую супольнасць стала далучэнне да Хрыста вялікай колькасці людзей. Яны навярталіся, прымалі хрост і атрымлівалі дар Святога Духа.

«Каля трох тысяч чалавек сталі часткай гэтага брацтва, якое было „ладам жыцця“ — вернікаў і касцёльнай закваскай евангелізацыйнай дзейнасці», — сказаў Папа.

«Жар веры гэтых братоў і сясцёр у Хрысце ператварыў іх жыццё ў сцэнарый Божай справы, якая праз апосталаў выяўлялася ў цудах і знаках. Надзвычайнае станавілася звычайным, а будзённасць — прасторай для навочнага праяўлення жывога Хрыста», — дадаў ён.

Па словах Святога Айца, Дзеі Апосталаў паказваюць Ерузалемскі Касцёл як узор кожнай хрысціянскай супольнасці, як «ікону прывабнага братэрства». Гэты біблійны тэкст дазваляе зазірнуць усярэдзіну таго сімвалічнага «дома», дзе першыя хрысціяне збіраліся як Божая сям’я; дазваляе зазірнуць усярэдзіну «еднасці» — адзінства ў любові паміж братамі і сёстрамі ў Хрысце.

«Можна ўбачыць, што яны жылі выразна акрэсленым чынам: „трывалі яны ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах“ (Дз 2,42)», — дадаў Папа

«Хрысціяне нястомна слухалі „настаўленне“ — апостальскае вучэнне; практыкавалі высокую якасць міжасобасных адносін, у тым ліку праз агульнасць духоўных і матэрыяльных дабротаў, успаміналі Пана праз „дзяленне хлеба“ — Эўхарыстыю і размаўлялі з Богам у малітве», — зазначыў Пантыфік.

Ён таксама звярнуў увагц на тое, што, у адрозненне ад свецкага грамадства, дзе існуе схільнасць да здабыцця ўласнай карысці незалежна ад іншых, а нават за іх кошт, супольнасць вернікаў адмаўляецца ад індывідуалізму на карысць дзялення і салідарнасці.

«У душы хрысціяніна няма месца для эгаізму: калі тваё сэрца эгаістычнае — ты не хрысціянін; ты чалавек гэтага свету, які шукае толькі ўласнай выгоды.

Лука нам кажа, што вернікі трывалі разам (пар. Дз 2, 44), гэта значыць, што блізкасць і еднасць з’яўляюцца стылем адкупленых: яны былі блізкімі і ўважлівымі адно да аднаго, не абгаворвалі іншых», — падкрэсліў ён.

Паводле Пантыфіка, ласка хросту дэманструе блізкую сувязь паміж братамі ў Хрысце, якія пакліканы дзяліцца з патрабуючымі і клапаціцца пра іх. Шлях еднасці і ўвагі да патрабуючых, які выбраў Касцёл, дазваляе яму весці праўдзівае і сапраўднае літургічнае жыццё.

«Тэкст Дзеяў Апосталаў нагадвае нам, што Пан абяцае рост супольнасці (пар. Дз 2, 47): трыванне вернікаў у сапраўдным саюзе з Богам і братамі, становіцца сілай, якая прыцягвае, прываблівае і здабывае многіх (пар. Evangelii gaudium, 14), становіцца прынцыпам, дзякуючы якому супольнасць вернікаў жыве ва ўсе часы», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа Францішак заклікаў маліцца, каб хрысціянскія супольнасці былі «месцам, дзе можна прыняць і практыкаваць новае жыццё, справы салідарнасці і адзінства; месцам, дзе літургія з’яўляецца сустрэчай з Богам, што яднае з братамі і сёстрамі; месцам з адчыненымі брамамі ў Нябесны Ерузалем».

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў вернікаў маліцца аб тым, каб кожнае пастырскае дзеянне было пазначана любоўю, якую Хрыстус мае да чалавека.

«У бліжэйшую пятніцу будзем святкаваць урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Запрашаю ўсіх паглядзець на гэтае Сэрца і наследаваць яго самыя праўдзівыя пачуцці. Маліцеся за ўсіх святароў і за маё служэнне на пасадзе святога Пятра, каб кожнае пастырскае дзеянне было пазначана любоўю, якую Хрыстус мае да кожнага чалавека», — сказаў Папа.

Ён заўважыў, што ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса нагадвае нам пра тое, што Хрыстус жыве заўсёды.

«Ён любіць нас, дорыць сябе як крыніцу міласэрнасці, прабачэння, адкуплення. У Ім мы можам знайсці супакой духа, які часта турбуе нявызначанасць, смутак і пачуццё граху.

Давайце ахвяруем Божаму Сэрцу сябе, усё наша жыццё, час нашага летняга адпачынку», — заахвоціў папа Францішак.

Абноўлена 26.06.2019 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.