З 11 па 14 чэрвеня ў Гродне праходзіла XI Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Дэвіз сёлетняй Парафіяды: «Сям’я — дарога Касцёла».
Удзел у гэтым рэлігійным і спартова-мастацкім форуме ўзялі больш за 400 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і не толькі.
Упершыню ў Парафіядзе ўдзельнічала група з Котласа — горада ў Архангельскай вобласці Расіі.
Чацвёрты і апошні дзень форуму распачаўся супольнай малітвай у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае і арганізуе Парафіяду, цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, іерарх падкрэсліў, што Касцёл з вялікай надзеяй глядзіць на іх, бо ад іх залежыць наша сёння і заўтра.
Біскуп адзначыў, што моладзь сваім энтузіязмам і верай павінна несці новы дух у супольнасць, імя якой Касцёл.
«Не трэба ствараць новага Касцёла, але сваёй прысутнасцю і жыццём даць яму новы подых, дух і ўчыніць яго маладым», — дадаў ён.
Біскуп выказаў словы падзякі ўсім тым, хто ўзяў на сябе адказнасць за падрыхтоўку Парафіяды, перадусім кс. Артуру Малафею, які шмат гадоў з вялікай руплівасцю і запалам займаецца гэтаю пачэснаю справаю пры дапамозе арганізацыйнага камітэту, духоўных і свецкіх валанцёраў.
Асаблiвым чынам іерарх падзякаваў дзецям і моладзі — удзельнікам і галоўным героям Парафіяды, без якіх гэтая цудоўная iнiцыятыва не мела б сэнсу.
Узгвадваючы пра сутнасць Парафіяды, якая заснавана на старажытнагрэчаскай трыядзе «святыня — тэатр — стадыён», біскуп пажадаў дзецям і моладзі ўмацоўваць сваю веру, развіваць свой асабісты патэнцыял і творчыя здольнасці, жывучы ў ласцы Божай.
Са святыні ўдзельнікі Парафіяды скіраваліся на стадыён, а дакладней, у фізкультурна-аздараўленчы «Аквацэнтр», дзе прайшлі апошнія спаборніцтвы — па плаванні.
Нарэшце, адбылося падвядзенне вынікаў і вызначэнне найлепшых удзельнікаў ХI Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
У гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла цырымонія ўзнагароджання і ўручэння памятных падарункаў, якую ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.
Належыць падкрэсліць, што першыя месцы ўжо не першы год займаюць тыя ж парафіі, якія рэгулярна паказваюць высокую ступень падрыхтоўкі як у конкурсах ведання жыцця Касцёла, біблейскім, тэатральным і музычным, так і на стадыёне.
У выніку першае месца заняла парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росі, другое — парафія Святой Сям’і ў Лідзе i парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці ў Гродне (Аўгустовак), трэцяе — парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах.